Германія, Польшча і Францыя выказаліся за новыя выбары і падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі

У сумеснай заяве Хайка Мааса, Збігнева Рау і Жана-Іва Ле Дрыяна, якую апублікавала МЗС Германіі, асуджаюцца гвалт з боку беларускіх уладаў і адвольныя арышты пасля прэзідэнцкіх выбараў, вынікі якіх не прызнаў ЕС. Новыя выбары павінны прайсці ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, у прысутнасці назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, лічаць міністры. Яны падтрымліваюць пасрэдніцтва АБСЕ для спрыяння нацыянальнаму інклюзіўнаму дыялогу з беларускім грамадствам у цэлым, зноў заклікаюць да вызвалення ўсіх палітвязняў і адвольна затрыманых, дбайнага расследавання ўсіх парушэнняў правоў чалавека і супрацоўніцтва ў межах Маскоўскага механізму АБСЕ.
Міністры заклікаюць Еўракамісію распрацаваць комплексны план эканамічнай дапамогі дэмакратычнай Беларусі. Акрамя таго, Францыя і Германія выказваюць поўную падтрымку Польшчы і Літве ў сувязі з адкліканнем іх паслоў з Мінска, а ўсе тры краіны Веймарскага трохвугольніка гарантуюць адзіны адказ Еўропы па гэтай праблеме.
Германія, Польшча і Францыі "поўныя рашучасці" падтрымаць беларусаў, якія жывуць як у краіне, так і ў выгнанні, у іх барацьбе за дэмакратыю, спыненне гвалту і рэпрэсій, вызваленне ўсіх палітвязняў.
Комплекс мер падтрымкі грамадзянскай супольнасці будзе ахопліваць незалежныя СМІ, праваабаронцаў і жаночыя арганізацыі. У межах праграмы грамадзянскай супольнасці Германіі "Пашырэнне супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін Усходняга партнёрства і Расіі", якая адкрытая для Польшчы і Францыі, будзе выдзелены 1 млн еўра для падтрымкі суб`ектаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, адзначаецца ў заяве.
МЗС Германіі нагадвае, што 12 кастрычніка міністры замежных спраў краін ЕС выказалі гатоўнасць пашырыць санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў, у тым ліку на Аляксандра Лукашэнку, калі сітуацыя ў краіне не зменіцца.
Веймарскі трохвугольнік быў створаны ў 1991 годзе міністрамі замежных спраў Германіі, Польшчы і Францыі для каардынацыі знешняй палітыкі і стымулявання агульнаеўрапейскай інтэграцыі. Адной з мэтаў было таксама гістарычнае прымірэнне трох краін. Папярэдняя сустрэча ў такім фармаце адбылася ў 2016 годзе.