Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/16/ru_1064149_1064150/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2020 14:46
16.10.2020 21:16 Эканоміка, Палітыка

"Газпром" не лічыць урэгуляванай сітуацыю з аплатай газу Беларуссю

Мінск, 16 кастрычніка. ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" паведаміла аб атрыманні ад газазабеспячальных арганізацый "Белпалівагаз" і "Нафтан" грашовых сродкаў у памеры, "роўным сумам запазычанасці за пастаўкі прыроднага газу ў красавіку—верасні 2020 года (ДВА "Белпалівагаз") і ў маі—верасні 2020 года (ААТ "Нафтан")", але не лічыць сітуацыю ўрэгуляванай.

"У парушэнне дамоў на пастаўку прыроднага газу акты пастаўкі-прыёмкі прыроднага газу і акты зверкі разлікаў за люты—верасень 2020 года газазабеспячальнымі арганізацыямі ДВА "Белпалівагаз" не падпісаныя, акты здачы-прыёмкі прыроднага газу за сакавік—верасень і акты зверкі разлікаў за люты—верасень 2020 года ААТ "Нафтан" не падпісаныя, у плацежных дакументах аплачваны перыяд не пазначаны, пеня за несвоечасовую аплату газу не аплачаная", — гаворыцца ў паведамленні даччынага прадпрыемства "Газпрома".

"Газпром трансгаз Беларусь" "не лічыць сітуацыю з разлікамі за пастаўлены прыродны газ цалкам урэгуляванай да моманту падпісання вышэйзгаданых дакументаў, пісьмовага паведамлення ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" аб зробленых плацяжах і іх прызначэнні ў адпаведнасці з заключанымі дамовамі, а таксама поўнага пагашэння пені".

Сумы пералічаных сродкаў і памер непагашанай пені не называюцца.

Вясной 2020 года беларускія ўлады выказалі незадаволенасць умовамі пастаўкі расійскага газу, у выніку чаго паўстала спрэчка паміж дзвюма краінамі. У верасні Міністэрства энергетыкі Расіі паведаміла, што доўг Мінска за газ перавысіў 300 млн долараў.

16 кастрычніка Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР), які з'яўляецца кіраўніком сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), паведаміў аб пералічэнні Беларусі крэдыту са сродкаў фонду на 500 млн долараў ЗША.

Як паведаміла прэс-служба банка, сродкі выдзяляюцца тэрмінам да 10 гадоў з ільготным перыядам пагашэння да пяці гадоў пад плаваючую працэнтную стаўку (вызначаецца як сярэдняя даходнасць расійскіх еўрааблігацый у доларах ЗША на тэрмін сем гадоў).

"Фінансавы крэдыт са сродкаў ЕФСР накіраваны на падтрымку бюджэту Рэспублікі Беларусь ва ўмовах негатыўных наступстваў пандэміі COVID-19", — адзначыў ЕАБР.

Міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў у верасні заявіў, што крэдыт ЕФСР дазволіць Беларусі пагасіць доўг за газ.

На вераснёўскай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паабяцаў крэдыт на 1,5 млрд долараў. З іх 500 млн вылучыў ЕФСР, у савеце якога старшынюе міністр фінансаў Расіі, 1 млрд долараў паступіць у Мінск у 2020—2021 гадах як міждзяржаўны крэдыт РФ.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239