Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/17/ru_1064167_1064168/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2020 14:20
17.10.2020 12:33 Грамадства

Некалькі дзясяткаў жанчын з кветкамі ідуць ад Dana Mall у цэнтр Мінска

Мінск, 17 кастрычніка. Прыкладна пяць дзясяткаў жанчын з кветкамі сабралася каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра Dana Mall у Мінску (станцыя метро "Усход"). У некаторых у руках бел-чырвона-белыя стужкі. Насупраць прыпаркаваны мікрааўтобус, з якога сілавікі ў масках назіраюць за тым, што адбываецца.

Прыкладна ў 12.20 жанчыны пачалі рух у бок цэнтра горада. Яны скандуюць "Жыве Беларусь!" і "Далучайся!". Колькасць удзельніц акцыі паступова павялічваецца.

Сёння ў Мінску плануюцца адразу дзве акцыі прыхільнікаў перамен — марш жанчын і марш студэнтаў. Студэнты сябе пакуль не праявілі.

Напярэдадні старшыня КДБ Іван Церцель заявіў аб правакацыі, якая рыхтуецца ў Беларусі. "У апошнія дні мы атрымліваем з розных крыніц, у тым ліку за мяжой, ад нашых партнёрскіх спецслужбаў, інфармацыю аб правакацыі, якая рыхтуецца ў нашай краіне, — сказаў ён дзяржаўнаму агенцтву БелТА. — Мэта гэтых дзеянняў — дэстабілізацыя сітуацыі ў нашай дзяржаве на фоне відавочнага змяншэння вулічнай актыўнасці і зрыву планаў па памкненнях да працоўных калектываў, студэнцтва з мэтай інспірацыі пратэстнага руху".

Як адзначыў Церцель, паводле задумы арганізатараў гэтай акцыі, а таксама іх куратараў за мяжой, плануецца абвінаваціць у цяжкіх наступствах сілавыя структуры Беларусі. "І тым самым практычна выкарыстаць апошні шанец на рэалізацыю сваіх планаў, — сказаў ён. — У гэтых умовах камітэтам ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па праверцы інфармацыі, устанаўленні ўсіх датычных асоб і прыцягненні іх да адказнасці".

У сваю чаргу начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў 16 кастрычніка ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" заявіў аб гатоўнасці сілавікоў прымяніць зброю супраць пратэстоўцаў, у тым ліку агнястрэльную.

Таццяна Каравянкова, Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239