Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/17/ru_1064199_1064200/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2020 13:56
17.10.2020 16:08 Грамадства

Прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама: Аб затрыманні журналістаў гаворкі пакуль не ідзе, яны дастаўленыя ў РУУС для разбору

Мінск, 17 кастрычніка. Затрыманыя сёння ў Мінску журналісты, якія асвятлялі студэнцкі марш пратэсту, дастаўленыя ў РУУС для праверкі дакументаў, паведаміў БелаПАН прадстаўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Раман Лашкевіч.

Пры гэтым ён адмовіўся ўдакладніць прозвішчы дастаўленых і месца іх знаходжання. "Цяпер аб затрыманні журналістаў гаворкі не ідзе, — сказаў Лашкевіч. — Ёсць журналісты, якія дастаўленыя ў адно з тэрытарыяльных РУУС для разбору, у іх правяраюць дакументы".

Паводле яго слоў, адміністрацыйны працэс у дачыненні да журналістаў не пачаты. "Калі будзе пачаты адміністрацыйны працэс, я вам паведамлю дадаткова", — паабяцаў Лашкевіч.

Паводле наяўнай інфармацыі, сёння ў цэнтры Мінска былі затрыманыя як мінімум тры журналісты — супрацоўнікі БелаПАН і tut.by Вадзім Заміроўскі і Усевалад Зарубін, а таксама карэспандэнт Onliner Дар'я Спевак. Затрымліваўся і карэспандэнт РІА Новости, але пасля праверкі дакументаў яго адпусцілі — пра гэта паведаміла расійскае інфармагенцтва.

Нагадаем, у мінулую нядзелю падчас асвятлення Маршу гонару па ўсёй Беларусі было затрымана каля 40 супрацоўнікаў СМІ. 15 журналістаў, затрыманых у Мінску, былі дастаўленыя ва УУС Кастрычніцкага раёна і правялі там ад 10 да 13 і больш гадзін. Спачатку ім абяцалі проста праверыць дакументы, затым склалі пратаколы паводле арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Судоў яшчэ не было.

Увесь час, пакуль журналісты знаходзіліся ў Кастрычніцкім РУУС, іх на вуліцы чакалі калегі. Не выключана, што сёння Лашкевіч не стаў называць месцазнаходжанне затрыманых, каб пазбегнуць збору людзей.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239