Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/18/ru_1064311_123/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 18:18
18.10.2020 18:19 Палітыка, Грамадства

Шматтысячны Партызанскі марш прайшоў сёння ў Мінску

Мінск, 18 кастрычніка. Чарговая нядзельная акцыя — Партызанскі марш — зноў сабрала дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен у Мінску, нягледзячы на халоднае надвор`е і спробы сілавікоў не дапусціць збору людзей.

Гэта быў ужо дзясяты па ліку нядзельны марш пасля прэзідэнцкіх выбараў. Упершыню ён праходзіў у аддаленні ад цэнтра горада — на Партызанскім праспекце. "Мы, нашчадкі беларускіх партызан, пройдзем мірным маршам па Партызанскім праспекце і выкажам салідарнасць з рабочымі заводаў", — гаварылася ў анонсе маршу.

Прыкладна за гадзіну да пачатку акцыі, як заўсёды, закрыліся станцыі метро, на якіх можна было дабрацца да абвешчанага месца збору. Туды была сцягнутая вялікая колькасць сілавікоў і ваеннай спецтэхнікі. Тым не менш удзельнікам маршу ўдалося з розных мікрараёнаў дабрацца да Партызанскага праспекта і аб`яднацца ў калону. Да 15.00 на праспекце сабралася некалькі тысяч дэманстрантаў, якія выйшлі на праезную частку і рушылі наперад. Па ходзе руху калоны да іх далучаліся іншыя ўдзельнікі. Людзі скандавалі "Жыве Беларусь", "Верым, можам, пераможам!", "Лукашэнку ў аўтазак", "Пайшоў прэч", "Хабараўск, прывітанне" і іншыя лозунгі.

Нягледзячы на адзінкавыя затрыманні, шматтысячная калона дэманстрантаў бесперашкодна дайшла да ўнівермага "Беларусь", дзе міліцыя праз гучнагаварыцель стала папярэджваць іх аб незаконнасці правядзення акцыі. Людзі рушылі далей, але ў раёне станцыі метро "Аўтазаводская" праспект перакрылі сілавікі з вадамётамі. У выніку дэманстранты павярнуліся і пайшлі назад. З Партызанскага праспекта яны звярнулі ў мікрараён Серабранка і па праспекце Ракасоўскага дайшлі да вуліцы Пляханава. Там калона падзялілася на дзве часткі: большасць працягнула рух наперад, іншыя — накіраваліся па Пляханава ў бок Партызанскага праспекта. Асноўная частка дэманстрантаў, дайшоўшы да перасячэння праспекта Ракасоўскага з вуліцай Малініна, стала разыходзіцца. Прыкладна ў 17.40 марш завяршыўся.

Вулічныя акцыі прыхільнікаў перамен прайшлі сёння і ў іншых гарадах краіны. На дадзены момант праваабаронцы паведамляюць больш чым пра 60 затрыманых — у Мінску, Брэсце, Віцебску, Дзяржынску, Светлагорску. Большасць затрыманняў зафіксаваная ў сталіцы.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239