Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/02/ru_1066364_123/
Дата раздрукоўкі: 04.08.2021 21:29
02.11.2020 15:29 Палітыка, Грамадства

СК распачаў справу на падставе артыкула аб масавых беспарадках — 231 падазраваны

Мінск, 2 лістапада. Следчы камітэт паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы "па факце масавых беспарадкаў 1 лістапада ў Мінску".

"Паводле дадзеных следства, 1 лістапада на тэрыторыі сталіцы прайшлі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, падчас якіх затрыманыя некалькі соцень грамадзян, якія груба парушылі грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады і мелі вынікам парушэнне работы транспарту і арганізацый. Таксама пашкоджаныя аб'екты гарадской інфраструктуры і аўтамабіль органаў унутраных спраў", — гаворыцца ў паведамленні СК.

Распачатая крымінальная справа "па факце арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўнага ўдзелу ў іх на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса". Падазраваным па справе прызнаны 231 чалавек, яны дапытаныя "пра абставіны ўчынення супрацьпраўных дзеянняў".

Праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, "накіраваныя на ўсталяванне іншых асоб, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці".

1 лістапада ў Мінску прайшоў Марш супраць тэрору. Яго ўдзельнікі прайшлі ад станцыі метро "Парк Чалюскінцаў" да ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Сілавікі перашкаджалі руху калон, выстаўляючы заслоны і выкарыстоўваючы спецсродкі. Паводле звестак праваабаронцаў, затрымана не менш як 286 чалавек, у тым ліку журналісты. Трое з іх, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам "Белсат", Зміцер Солтан (Буянаў), Зміцер Краўчук і Арцём Багаслаўскі, таксама сталі падазраванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

Грамадзяне, якіх затрымлівалі падчас і пасля папярэдніх нядзельных маршаў, звычайна абвінавачваліся па адміністрацыйных артыкулах.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239