Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/09/ru_1067311_123/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2021 16:35
09.11.2020 17:42 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітзняволеным і патрабуюць неадкладна спыніць яго крымінальны пераслед

Мінск, 9 лістапада. Беларускія праваабаронцы прызналі вядомага блогера і грамадскага дзеяча Эдуарда Пальчыса палітычным зняволеным.

9 лістапада праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай у сувязі з інфармацыяй аб выстаўленні абвінавачання па частцы 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) Эдуарду Пальчысу.

У заяве адзначаецца, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах з мэтай нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

"Выступленні грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя", — падкрэсліваюць аўтары дакумента.

Праваабаронцы настойваюць, што сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Праваабаронцы перакананыя, што дэманстранты не рабілі дзеянняў, якія апісаныя ў арт. 293 КК, таму іх дзеянні не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў, адзначылі яны, "не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі збройнага супраціву праваахоўным органам".

"Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў прымянення гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад загадзя непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі", — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ўпершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. "Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат", — заяўляюць яны.

Праваабаронцы расцэньваюць пазбаўленне волі Пальчыса як адвольнае і палітычна матываванае, а спробы абвінаваціць яго ў арганізацыі масавых беспарадкаў лічаць беспадстаўнымі, незаконнымі і накіраванымі на нядобраахвотнае спыненне ім сваёй публічнай дзейнасці.

Таму прадстаўнікі праваабарончых арганізацый патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць Пальчыса, іншых палітвязняў, а таксама людзей, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Дакумент падпісалі праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі дакументацыйны цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва", Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман Канстанта", Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239