Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/10/ru_1067416_587458/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2021 16:41
10.11.2020 14:03 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: На афіцыйныя прафсаюзы сёння ажыццяўляецца накат, але ўлада будзе падтрымліваць іх на ўсіх узроўнях

Мінск, 10 лістапада. Улада будзе падтрымліваць прафсаюзы на ўсіх узроўнях, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада на сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Міхаілам Ордам.

"Хачу вас папярэдзіць, што вам не варта перад кімсьці апраўдвацца, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Таму што мы бачым, і я асабліва, які сёння ажыццяўляецца накат на афіцыйныя прафсаюзы. Таму ні ў якім выпадку ніхто не павінен ні перад кім апраўдвацца. Тым больш — сыходзіць у абарону. Прафсаюзы працавалі і будуць працаваць. Улада будзе падтрымліваць прафсаюзы на ўсіх узроўнях".

Паводле слоў Лукашэнкі, ён сам "у свой час кіраваў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй", таму "добра знаёмы з адпаведнай спецыфікай, калі прафсаюзы заўсёды знаходзяцца паміж молатам і кавадлам". "З аднаго боку — рабацягі, інтарэсы і правы якіх прафсаюзы абараняюць, з другога — інтарэсы кіраўніцтва прадпрыемства. І тады я асабліва ярка адчуў, што такое прафсаюзы і прафсаюзны рух. Ніколі ім не было проста, ніколі!" — падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што націск ажыццяўляецца на краіну ў цэлым, а на прафсаюзы "ажыццяўляўся і ажыццяўляецца накат", таму што яны "занялі жорсткую пэўную пазіцыю".

"Таму трэба да гэтага спакойна ставіцца, — лічыць ён. — Хтосьці пойдзе з прафсаюзаў. Мізэрная колькасць у параўнанні з той колькасцю, якая ў вас ёсць. Хтосьці захацеў выйсці — хай выходзіць. Гэта справа кожнага. Хтосьці захацеў з'ехаць — хай з'язджае, не трэба нікога трымаць. Вось сёння прыйшла інфармацыя з Латвіі. Некаторыя туды паехалі, паклікалі іх туды. І дзе яны зараз жывуць у гэтай краіне? У нейкай рэзервацыі за два з паловай долара ў дзень. Дзе мільёны, якія абяцалі, ці хаця б тысячы долараў?"

"Таму хай людзі паспрабуюць. Калі яны паспрабуюць гэта ўсё, яны зробяць адпаведныя высновы. Гэта да таго, што мы і вы ні перад кім не павінны апраўдвацца. Вы праводзіце тую лінію, якая прапісаная ў статуце, згодна з нашым законам", — дадаў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239