Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/10/ru_1067461_651124/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2021 16:45
10.11.2020 16:57 Палітыка

Вялікабрытанія выслала двух беларускіх дыпламатаў

Мінск, 10 лістапада. Вялікабрытанія 10 лістапада выслала двух беларускіх дыпламатаў у адказ на аналагічны крок з беларускага боку.

"Злучанае Каралеўства не спалохаецца спробаў рэжыму Лукашэнкі перашкодзіць нам казаць пра фальсіфікацыі на выбарах і гвалт над беларускім народам, які выклікае пагарду. Сёння мы выслалі двух беларускіх дыпламатаў у адказ на неабгрунтаваную высылку брытанскіх дыпламатаў", — напісаў на сваёй старонцы ў "Твітэры" міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пацвердзіў БелаПАН высылку беларускіх дыпламатаў. "Так, дваім нашым дыпламатам абвешчана аб неабходнасці пакінуць тэрыторыю Вялікабрытаніі. Пакуль без падрабязнасцяў", — сказаў ён.

8 лістапада Беларусь абвясціла персонамі нон грата двух супрацоўнікаў пасольства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі — намесніка пасла Лісу Тамвуд і вайсковага аташэ Тымафі Уайт-Бойката. Абодва дыпламаты 9 лістапада пакінулі краіну.

Паводле слоў Анатоля Глаза, такое рашэнне прынятае "з-за дзейнасці, несумяшчальнай са статусам дыпламатычнага агента, са статусам дыпламата, а таксама з мэтамі знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь".

У сюжэце навін тэлеканала ОНТ сцвярджалася, што дыпламаты ўмешваліся ва ўнутраныя справы краіны, у прыватнасці назіраннем за ходам акцый пратэсту ў сталіцы, сустрэчамі з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадскасці, а таксама працай з брытанскімі журналістамі.

У ноч на 10 лістапада Рааб напісаў у "Твітэры", што "выдварэнне з Беларусі двух брытанскіх дыпламатаў за законнае назіранне за акцыямі пратэсту з'яўляецца абсалютна неабгрунтаваным".

Кіраўнік брытанскай дыпламатыі падкрэсліў, што "Лукашэнка не можа схаваць уціск уласнага народа".

"Адзіны шлях — гэта свабодныя і справядлівыя выбары і прыцягненне да адказнасці тых, хто вінаваты ў гвалце ў дачыненні да дэманстрантаў", — адзначыў Рааб, каментуючы палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239