Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/13/eu_1067867_258741/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 01:44
13.11.2020 13:52 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Еўрасаюз заяўляе пра гатоўнасць увесці дадатковыя санкцыі да ўладаў Беларусі

Мінск, 13 лістапада. Еўрапейскі саюз гатовы ўвесці дадатковыя санкцыі ў дачыненні да адказных за гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі, гаворыцца ў заяве, апублікаванай 13 лістапада на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў у сувязі са смерцю Рамана Бандарэнкі.

Еўрасаюз выказвае глыбокія спачуванні сям'і і блізкім загінулага беларуса. "12 лістапада 31-гадовы Раман Бандарэнка памёр пасля шматгадзіннай аперацыі ў бальніцы Мінска з-за сур'ёзных траўмаў, атрыманых, згодна з паведамленнямі, у выніку жорсткага абыходжання з боку апранутых у цывільнае міліцыянераў, — гаворыцца ў заяве. — Гэта абуральны і ганебны вынік дзеянняў беларускіх уладаў, якія не толькі наўпрост і гвалтоўна ажыццяўлялі рэпрэсіі супраць уласных грамадзян, але і стварылі асяроддзе, дзе могуць мець месца такое беззаконне і гвалт, ігнаруючы пры гэтым не толькі фундаментальныя правы і свабоды беларускага народа, але і грэбуючы жыццямі".

Еўрапейскі саюз салідарны з усімі жыхарамі краіны, якія "пацярпелі ад дзеянняў беларускіх уладаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня".

"ЕС працягвае рашуча асуджаць гвалт, які прымяняецца беларускімі ўладамі супраць мірных дэманстрантаў, асоб, якія ўдзельнічаюць у прадэмакратычным руху, незалежных СМІ, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці або простых грамадзян Беларусі, — падкрэсліваецца ў заяве. — Мы чакаем, што ўлады спыняць гвалт і пераследы, неадкладна і безумоўна вызваляць усіх адвольна затрыманых асоб, уключаючы палітычных зняволеных, правядуць поўнае і празрыстае расследаванне ўсіх парушэнняў і злоўжыванняў у галіне правоў чалавека, а таксама прыцягнуць вінаватых да адказнасці".

У заяве адзначаецца, што Еўрасаюз ужо ўвёў санкцыі ў дачыненні да 55 асоб, адказных за рэпрэсіі і запалохванне, і гатовы ўвесці дадатковыя санкцыі.

31-гадовы Раман Бандарэнка, затрыманы міліцыяй пасля інцыдэнту на "плошчы Перамен" на вуліцы Чарвякова ў Мінску ўвечары 11 лістапада, памёр на наступны дзень.

11 лістапада на сімвалічнай "плошчы Перамен", у двары жылога дома, дзе на трансфарматарнай будцы пастаянна з'яўляецца выява "дыджэяў Перамен", здарыўся канфлікт. Згодна з паведамленнем відавочцаў, вечарам туды прыехалі невядомыя і сталі зразаць белыя і чырвоныя стужкі, якімі ўпрыгожаны двор. Мясцовыя жыхары спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, завязалася бойка. Бандарэнка быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна.

Раніцай 12 лістапада ў СМІ з'явілася фатаграфія выпіскі з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якой вынікала, што Бандарэнка знаходзіўся ў аддзяленні рэанімацыі нейрахірургічнага профілю ў цяжкім стане. У выпісцы было пазначана, што яго даставілі ў такім стане з РУУС на вуліцы Арлоўскай, 58. Пазней лекары паведамілі, што ў маладога чалавека цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак галавы. Ён быў у коме.

Следчы камітэт сцвярджае, што пры медыцынскім аглядзе разам з цялеснымі пашкоджаннямі ў пацярпелага была дыягнаставаная алкагольная інтаксікацыя. Аднак тэлеграм-канал медработнікаў "Белыя халаты" размясціў дакумент з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якога вынікае, што Бандарэнка быў абсалютна цвярозы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239