Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/15/ru_1068116_587125/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2021 16:25
15.11.2020 19:10 Палітыка, Грамадства

У Мінску і іншых гарадах прайшлі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі

Мінск, 15 лістапада. У Мінску, ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу іншых гарадоў сёння прайшлі акцыі памяці загінулага актывіста Рамана Бандарэнкі. Колькасць затрыманых вылічаецца сотнямі.

На 15 лістапада ў сацыяльных сетках анансаваўся Марш смелых. Грамадзяне планавалі сабрацца каля станцыі метро "Пушкінская", дзе 10 жніўня загінуў удзельнік акцыі пратэсту Аляксандр Тарайкоўскі, і прайсці па праспекце Пушкіна і вуліцы Арлоўскай да "плошчы Перамен" — двара дома 62 на вуліцы Чарвякова. Там 11 лістапада быў збіты Раман Бандарэнка, якога адвезлі ў міліцыю, а потым у бальніцу, дзе ўвечары 12 лістапада ён, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр.

За паўтары гадзіны да пачатку акцыі з традыцыйнай фармулёўкай "у мэтах бяспекі пасажыраў" кіраўніцтва метрапалітэна закрыла 14 станцый (тры — на першай лініі, сем — на другой і ўсе чатыры — на трэцяй). Яны не працавалі з 10.35 да 16.55. Мабільны інтэрнэт адсутнічаў прыкладна ад 10-й гадзіны да 17.35. Паведамлялася таксама аб часовым адключэнні праваднога інтэрнэту ў раёне "плошчы Перамен".

Сілавікі не дазволілі пратэстоўцам сфармаваць калону ля станцыі метро "Пушкінская", адбыліся масавыя затрыманні на праспекце Пушкіна і ў прылеглых дварах. На скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага прагрымелі два выбухі. Ля развязкі праспект Пушкіна — вуліца Ціміразева — вуліца Арлоўская — праспект Пераможцаў быў выстаўлены ўзмоцнены кардон з калючым дротам, бо анансаваны маршрут пралягаў міма Палаца Незалежнасці — цяперашняй працоўнай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Некалькі тысяч чалавек сабраліся на самой "плошчы Перамен". Туды прыбылі сілавікі, аднак яны знаходзіліся ў меншасці і неўзабаве адступілі. Пасля гэтага частка людзей пакінулі двор, а сілавікі прыцягнулі дадатковыя падраздзяленні і апынуліся ў большасці. "Плошча Перамен" была зачышчаная, пратэстоўцаў затрымалі. Мемарыял быў часткова знішчаны: сарваныя сцягі, плакаты, растаптаныя лампадкі, частка кветак. Прачэсваліся таксама найбліжэйшыя двары і дамы. У раёне вуліц Чарвякова і Арлоўскай былі чутныя выбухі і стрэлы. Пасля 18-й гадзіны пачаўся поўны знос мемарыяла.

Акцыі прайшлі таксама ў іншых сталічных раёнах: Зялёны Луг, ля гандлёвага цэнтра "Рыга", Нацыянальнай бібліятэкі. Вядомая актывістка Ніна Багінская ў адзіночку гуляла з бел-чырвона-белым сцягам па плошчы Незалежнасці і аднайменным праспекце.

Ушанаваць памяць Бандарэнкі ў розным фармаце выйшлі жыхары ўсіх абласных цэнтраў, а таксама Салігорска, Дзяржынска, Баранавіч, Жодзіна, Мазыра, Бярозы, Навагрудка, Бабруйска, Кобрына, Нясвіжа, Полацка, Маладзечна, Заслаўя, Чысці і іншых населеных пунктаў. Мяркуючы па размешчаных у сацсетках відэазапісах, у Баранавічах сілавікі спрабавалі правесці затрыманне ў аптэцы, у Мінску — у гастраноме на вуліцы Чарвякова.

Усяго, згодна са звесткамі праваабаронцаў на 18.25, па краіне затрымана не менш за 526 чалавек, у тым ліку 427 — у Мінску. 99 чалавек затрыманыя ў іншых гарадах: Гродне (40), Наваполацку (13), Брэсце, Навагрудку (па 8), Магілёве, Пінску (па 4), Гомелі, Полацку, Маладзечне (па 3), Віцебску, Бабруйску (па 2), Светлагорску, Іўі, Жлобіне, Кобрыне, Вілейцы, Оршы, Асіповічах, Баранавічах і Мазыры (па 1). Тэлеграм-канал валанцёраў "Спісы затрыманых" дае лічбу затрыманых 570 (на 18.03).

Сярод затрыманых 18 прадстаўнікоў СМІ (паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў): Юлія Коцкая (БелаПАН, Мінск), Андрэй Шаўлюга (БелаПАН, Мінск), Юрый Шамшур (ТАСС, Мінск, вызвалены), Андрэй Пакумейка (БелТА, Мінск, вызвалены), Шура Піліповіч-Сушчыц (nashaniva.by, Мінск), Яўген Атцецкі (фатограф-фрылансар, Мінск), Алесь Пілецкі (tut.by, "Народная Воля", Віцебск), Андрэй Ломаў (hrodna.life, Гродна), Ігар Мацвееў (Віцебск), Яўген Бузук (фатограф, Гродна), Міхаіл Кунцэвіч (autogrodno.by, Гродна), Аляксандр Івулін (by.tribuna.com, Мінск), Таццяна Гаўрыльчык (Мінск), Андрэй Якімуш (Пінск, вызвалены), Уладзіслаў Кулецкі (realt.by, Мінск), Ігар Карней (Мінск), Андрэй Рабчык (Мінск), Сяргей Гадзяеў (радыёвядоўца, Гродна).

Тэлеграм-канал медработнікаў "Белыя халаты" паведаміў аб затрыманні намесніка дырэктара па арганізацыі супрацьракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава кандыдата медыцынскіх навук Паўла Майсеева і загадчыка аперацыйнага блока гэтай жа ўстановы кандыдата медыцынскіх навук Андрэя Палуянчыка. Затрымліваўся таксама вядомы расійскі выдавец ураджэнец Мінска Барыс Пастарнак (74 гады).

Праваабаронцы паведамляюць, што не менш за пяць чалавек з міліцыі забрала "хуткая", адзін дастаўлены ў ваенны шпіталь.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239