Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/16/ru_1068211_123/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 16:58
16.11.2020 17:02 Грамадства

У дапамогу лекарам у паліклінікі і бальніцы накіраваныя больш як 2,5 тысячы студэнтаў-медыкаў старэйшых курсаў

Мінск, 16 лістапада. У дапамогу лекарам у паліклінікі і бальніцы накіравана больш за 2,5 тысячы студэнтаў старэйшых курсаў медыцынскіх ВНУ, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Адпаведны загад падпісаны ў Міністэрстве аховы здароўя 6 лістапада.

У Міністэрстве сцвярджаюць, што гэта традыцыйная практыка медуніверсітэтаў. "Увосень ці вясной, з улікам пагаршэння санітарна-эпідэміялагічнага становішча, студэнты старэйшых курсаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях "Лячэбная справа", "Педыятрыя", "Медыка-псіхалагічная справа", накіроўваюцца ў арганізацыі аховы здароўя для ўдзелу ў аказанні меддапамогі насельніцтву", — гаворыцца ў паведамленні.

У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі, што вясной студэнтаў старэйшых курсаў і інтэрнаў ужо прыцягвалі да барацьбы з COVID-19.

Тэрміны прыцягнення студэнтаў да ўдзелу ў аказанні меддапамогі будуць вызначаныя ў кожным універсітэце ў залежнасці ад існуючага санітарна-эпідэміялагічнага становішча ў рэгіёне.

Кіраўніцтву ўніверсітэтаў даручана забяспечыць умовы для самастойнага засваення студэнтамі прапушчанага зместу адукацыйных праграм. Гаворка ідзе пра тое, што тэмы курсаў, якія засталіся да сесіі, студэнты павінны засвоіць самастойна, у вольны ад працы час, дадалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

"Для падрыхтоўкі студэнтаў да працы з COVID-19 ва ўсіх універсітэтах арганізаваныя часовыя сімуляцыйныя цэнтры імітацыі "чырвонай зоны". Гэтыя цэнтры неабходныя для адпрацоўкі студэнтамі навыкаў аказання дапамогі пацыентам з COVID-19, у тым ліку для навучання студэнтаў правільнаму ўжыванню сродкаў індывідуальнай абароны", — распавялі ў міністэрстве.

На перыяд удзелу ў аказанні меддапамогі з усімі студэнтамі, дапушчанымі да гэтай працы, павінны быць заключаныя працоўныя дамовы, падкрэсліваецца ў паведамленні. Гаворка ідзе пра тое, што студэнтам даюць права працаваць на пасадах медработнікаў, якія адпавядаюць узроўню іх тэарэтычнай падрыхтоўкі і практычных навыкаў. Аплата павінна быць паводле займанай пасады, уключаючы надбаўку за працу ва ўмовах, звязаных з COVID-19.

У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя сумесна з рэктарамі медуніверсітэтаў абавязаныя прыняць меры па забеспячэнні студэнтаў, дапушчаных да аказання меддапамогі насельніцтву, неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны.

Дапамога практычнай ахове здароўя з боку студэнтаў будзе залічаная як вытворчая практыка, а таксама ўлічаная пры размеркаванні выпускнікоў на працоўныя месцы і студэнтаў 5-х курсаў у субардынатуру, дадалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

На 15 лістапада ў Беларусі зноў зафіксаваны рэкордны сутачны прырост колькасці хворых. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі на раніцу нядзелі дасягнула 114.185 (+1.315 за апошнія суткі), памерла 1.046 (+7) чалавек.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239