Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/18/ru_1068578_258741/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2021 22:19
18.11.2020 19:00 Палітыка, Грамадства

Генпракуратура вынесла папярэджанні прадстаўнікам праваслаўнай і каталіцкай цэркваў

Мінск, 18 лістапада. Генеральная пракуратура вынесла папярэджанні старшыні сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату протаіерэю Сергію Лепіну і генеральнаму вікарыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі біскупу Юрыю Касабуцкаму, якія ў жорсткай форме абурыліся зносам народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі.

Як паведаміла прэс-служба Генпракуратуры, абодвум "абвешчаныя афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння закона".

"На асабістых старонках у сацыяльнай сетцы Facebook і іншых інтэрнэт-рэсурсах былі размешчаныя заявы святароў з нагоды дэмантажу і пераносу стыхійнага мемарыяла памяці, узведзенага ў сувязі са смерцю Рамана Бандарэнкі. У заявах у яўна безапеляцыйнай агрэсіўнай танальнасці выкарыстоўваюцца пэўныя тэрміны і абароты ("здзек з партрэтаў забітага", "навошта гэтае сатанінскае зневажанне лампад і абразкоў" і інш.), якія свядома павышаюць узровень напружанасці ў грамадстве, распальваюць нянавісць да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў, і, як следства, варожасць у дачыненні да названых сацыяльных груп насельніцтва", — гаворыцца ў заяве.

"Такія дзеянні недапушчальныя і непрымальныя, бо не толькі не адпавядаюць асноватворнай ролі царквы ў частцы дасягнення ўзаемнага разумення, цярпімасці і згоды ў грамадстве, але і падахвочваюць грамадзян да агрэсіі, проціпраўных дзеянняў, вырашэння пытанняў, якія ўзнікаюць, неканстытуцыйным шляхам", — лічыць Генпракуратура.

Больш за тое, перакананыя ў міністэрстве, такія выказванні "супярэчаць артыкулу 16 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая забараняе дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, скіраваную супраць грамадзянскай згоды".

"Правы на выкананне дзяржаўных функцый, даванне прававой ацэнкі правамернасці дзеянняў службовых асоб і грамадзян дэлегаваныя ўпаўнаважаным дзяржаўным органам. Пры гэтым нормамі артыкула 8 закона Рэспублікі Беларусь "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях" такія паўнамоцтвы рэлігійным арганізацыям не дадзеныя", — мяркуе Генпракуратура.

Акрамя таго, вынесенае прадпісанне ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у якім утрымліваецца патрабаванне "ліквідаваць выяўленыя парушэнні і прыняць дадатковыя меры па папярэджанні рознагалоссяў у сферы ўзаемаадносін дзяржавы і рэлігійных арганізацый".

15 лістапада, праз некалькі гадзін пасля масавага затрымання абаронцаў мемарыяла на "плошчы Перамен" (двор на вуліцы Чарвякова ў Мінску) Сергій Лепін напісаў: "Не разумею, навошта гэты здзек з партрэтаў забітага, з кветак у яго памяць, навошта гэтае сатанінскае зневажанне лампад і абразкоў, барацьба з імправізаваным мемарыялам у двары яго дома, уздоўж дарог?.. У чым сэнс? Не ўзгоднена, так? А вось такія паводзіны і стаўленне — яны ўзгодненыя? З кім?"

На думку Юрыя Касабуцкага, "паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэнне страху і боязі ўлады перад беларускім народам". "Мы ўсе добра ведаем і бачым, што адбываецца ў нашай любімай Беларусі. Гвалт, катаванні, прыніжэнне чалавечай годнасці, агрэсія з боку дзяржаўных сілавых структур у дачыненні да мірных грамадзян нашай краіны", — адзначыў ён. "Разбурэнне народнага мемарыяла, які ўзнік на месцы брутальнага захопу Рамана Бандарэнкі, было чарговай спробай знішчыць усё тое высакароднае, чыстае, светлае, што ёсць у нашых людзей", — лічыць біскуп.

На яго погляд, арышт шматлікіх мірных грамадзян закліканы запалохаць іншых людзей. "Аднак усе гэтыя рэпрэсіі толькі ўмацоўваюць нас. Заклікаю маліцца за наш народ, аб умацаванні духу, адвазе і смеласці ў гэтых выпрабаваннях. Таксама не забываць далучаць да малітвы інтэнцыю аб раскаянні для тых, чые рукі замазаныя крывёю чалавечай..." — напісаў святар.

Пазіцыяй прадстаўнікоў цэркваў абурыўся Аляксандр Лукашэнка. 17 лістапада на нарадзе па знешняй палітыцы ён звярнуўся да кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сергяенкі: "Ігар Пятровіч, вазьміце з генеральным пракурорам, прозвішчы гэтых дзеячаў вядомыя, і спытайце, дзе і хто дазволіў здзекавацца з абразоў, лампад і кветак. Мы акуратным чынам вывезлі гэтыя мемарыялы туды, дзе яны павінны быць — на могілках. Каб людзі бачылі, што мы не варвары. Яны ж гэта напэўна ведаюць. Але ім не трэба тое, як дыктатар да гэтага ставіўся, і тыя, хто выконваў, — "рабы". Яны іх рабамі назвалі. Ім трэба паказаць, што гэта — варвары. А мы пакажам, як мы гэта рабілі насамрэч. І трэба, каб праваахоўныя органы далі ім ацэнку. Хопіць трываць гэты здзек! Мы рот нікому не закрываем. Але кажыце праўду! Сказаў няпраўду — адказвай".

"Мінск і іншыя гарады... могілак не будзе. Мінск у могілкі ператвараць нельга! Мемарыялаў, аб якіх яны пастаянна заяўляюць, як будучыні грамадзянскай вайны, у Мінску таксама не будзе", — папярэдзіў Лукашэнка.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239