Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/19/eu_1068676_258741/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 13:08
19.11.2020 17:22 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Кіраўнікі МЗС ЕС узгаднілі падрыхтоўку новага пакета санкцый па Беларусі

Мінск, 19 лістапада. Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза падчас відэаканферэнцыі 19 лістапада пагадзіліся з неабходнасцю ўвядзення трэцяга пакета санкцый да Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сустрэчы вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

"Сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца. Рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіі супраць людзей. Сёння мы пагадзіліся з неабходнасцю працягнуць падрыхтоўку трэцяга пакета санкцый у адказ на працяг рэпрэсій", — сказаў Барэль.

Паводле яго слоў, новыя санкцыі могуць закрануць не толькі фізічных асоб, але дзяржаўныя структуры і прадпрыемствы.

Барэль паведаміў, што на сённяшнім пасяджэнні падаў міністрам замежных спраў краін Еўрасаюза дакумент па пераглядзе адносін паміж ЕС і Беларуссю. Міністры яго вывучаць і прымуць рашэнне на наступным пасяджэнні савета ў снежні.

Першы пакет санкцый Еўрасаюз увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы ў санкцыйны спіс 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый ЕС быў прыняты 6 лістапада. У новы спіс уключаныя Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня КДБ Іван Церцель, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў (раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка СК), кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, камандзір групы "Альфа" (спецназ) Сяргей Зубкоў, былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

Такім чынам, у санкцыйным спісе ЕС гэтага года 59 чалавек. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕС і замарозку актываў гэтых асоб. "Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена выдзяляць сродкі асобам, уключаным у спіс", — паведаміла прэс-служба Савета ЕС.

Варта адзначыць, што з 2006 года санкцыі ЕС дзейнічаюць у дачыненні да Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі. На думку ЕС, яны датычныя да знікнення апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

29 верасня Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека, жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд гэтых асоб на тэрыторыю Вялікабрытаніі і Канады і замарозку іх актываў у гэтых краінах. 6 лістапада Канада абвясціла, што далучаецца да санкцый, якія ў дачыненні да Беларусі ўвёў Еўрасаюз.

Да санкцый ЕС у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады таксама далучылася Швайцарыя.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239