Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/19/eu_1068714_668852/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 12:36
19.11.2020 21:37 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Кіраўнік дыпламатыі ЕС: Ніводнага еўра з еўрапейскіх грошай больш не трапіць да рэжыму Лукашэнкі

Мінск, 19 лістапада. Еўрасаюз больш не выдзеліць ні аднаго еўра рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, усе прызначаныя для Беларусі сродкі будуць накіраваныя на падтрымку грамадзянскай супольнасці, заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 19 лістапада паводле вынікаў відэаканферэнцыі Савета міністраў замежных спраў ЕС.

"Мы больш не перавядзем ніводнага еўра рэжыму Лукашэнкі. Усе грошы пойдуць на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі праз розныя няўрадавыя арганізацыі. Я не магу пакуль называць дакладныя каналы, як будуць пераведзеныя грошы, але будзьце ўпэўненыя, што Лукашэнка не пойдзе ні аднаго еўра", — сказаў Барэль на брыфінгу, відэазапіс якога размешчаны на сайце Савета ЕС.

Падчас відэаканферэнцыі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза пагадзіліся з неабходнасцю ўвядзення трэцяга пакета санкцый у дачыненні да Беларусі.

Адказваючы на пытанне аб далейшых санкцыях, Барэль адзначыў: "Сітуацыя з Беларуссю цалкам зразумелая — няма ніякіх пазітыўных сігналаў ад рэжыму Лукашэнкі, які працягвае адмаўляцца ад якіх-небудзь абмеркаванняў з ЕС, адмаўляецца прыняць місію АБСЕ і працягвае ажыццяўляць рэпрэсіі супраць народа. Я бачу, што ў такіх умовах ЕС абавязаны рэагаваць, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя ў яго інструменты. Санкцыі — гэта адзін з іх".

Барэль нагадаў, што ў санкцыйныя спісы ЕС уключаныя ўжо больш за 50 беларускіх чыноўнікаў, якіх ЕС лічыць датычнымі да фальсіфікацый на выбарах і рэпрэсій у дачыненні да грамадзян.

"Цяпер мы павінны перайсці да больш адчувальных захадаў, увесці санкцыі ў дачыненні да кампаній", — сказаў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

Паводле слоў Барэля, краіны ЕС павінны ўнесці прапановы адносна новых санкцый. "Мы папрасілі іх унесці столькі прапаноў, колькі яны змогуць, і я прыкладу ўсе намаганні, каб мы здолелі як мага раней увесці гэтыя меры ў дзеянне", — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне, ці быў замарожаны хоць адзін рахунак у еўрапейскіх банкаў тых чыноўнікаў, якія ўжо трапілі пад санкцыі, Барэль сказаў, што не валодае інфармацыяй. "Рэалізацыяй санкцый займаецца намеснік старшыні Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс", — адзначыў ён.

Першы пакет санкцый Еўрасаюз увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы ў санкцыйны спіс 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый ЕС быў прыняты 6 лістапада. У новы спіс уключаныя Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня КДБ Іван Церцель, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў (раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка СК), кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, камандзір групы "Альфа" (спецназ) Сяргей Зубкоў, былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

Такім чынам, у санкцыйным спісе ЕС гэтага года 59 чалавек. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕС і замарозку актываў гэтых асоб. "Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена выдзяляць сродкі асобам, уключаным у спіс", — паведаміла прэс-служба Савета ЕС.

Варта адзначыць, што з 2006 года санкцыі ЕС дзейнічаюць у дачыненні да Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі. На думку ЕС, яны датычныя да знікнення апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

29 верасня Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека, жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд гэтых асоб на тэрыторыю Вялікабрытаніі і Канады і замарозку іх актываў у гэтых краінах. 6 лістапада Канада абвясціла, што далучаецца да санкцый, якія ў дачыненні да Беларусі ўвёў Еўрасаюз.

Да санкцый ЕС у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады таксама далучылася Швайцарыя.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239