Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/20/eu_1068791_123/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 13:11
20.11.2020 15:43 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Да санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі далучыліся сем краін

Мінск, 20 лістапада. Сем краін далучыліся да санкцый, якія Еўрасаюз увёў у дачыненні да Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля, апублікаванай сёння на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. У ліку гэтых краін — Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Украіна.

"Яны забяспечаць адпаведнасць сваёй нацыянальнай палітыкі гэтаму рашэнню Савета [ЕС]", — сказаў Барэль.

Першы пакет санкцый Еўрасаюз увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы ў санкцыйны спіс 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і да гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый ЕС быў прыняты 6 лістапада. У новы спіс уключаныя Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня КДБ Іван Церцель, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў (раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка СК), кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, камандзір групы "Альфа" (спецназ) Сяргей Зубкоў, былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

Такім чынам, у санкцыйным спісе ЕС гэтага года 59 чалавек. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕС і замарозку актываў гэтых асоб. "Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена выдзяляць сродкі асобам, уключаным у спіс", — паведаміла прэс-служба Савета ЕС.

Варта адзначыць, што з 2006 года санкцыі ЕС дзейнічаюць у адносінах да Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі, якія, на думку ЕС, маюць дачыненне да знікнення апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

29 верасня Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за фальсіфікацыю выбараў, парушэнне правоў чалавека і жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд гэтых асоб на тэрыторыю Вялікабрытаніі і Канады і замарозку іх актываў у гэтых краінах. 6 лістапада Канада абвясціла, што далучаецца да санкцый, якія ў дачыненні да Беларусі ўвёў Еўрасаюз.

Да санкцый ЕС у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады таксама далучылася Швайцарыя.

Па выніках сустрэчы 19 лістапада кіраўнікоў МЗС краін ЕС узгодненая падрыхтоўка трэцяга пакета санкцый, які закране не толькі фізічных, але і юрыдычных асоб. Па выніках сустрэчы Барэль заявіў, што Еўрасаюз больш не выдзеліць ніводнага еўра рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, усе прызначаныя для Беларусі сродкі будуць накіраваныя на падтрымку грамадзянскай супольнасці. "Мы больш не перавядзем ніводнага еўра рэжыму Лукашэнкі. Усе грошы пойдуць на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі праз розныя няўрадавыя арганізацыі. Я не магу пакуль называць дакладныя каналы, як будуць пераведзеныя грошы, але будзьце ўпэўненыя, што Лукашэнку не пойдзе ні аднаго еўра", — сказаў Барэль.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239