Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/20/ru_1068838_980022/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 13:03
20.11.2020 19:29 Палітыка, Грамадства

Генпракуратура кваліфікавала падпал аўтамабіляў у Гродне як тэракт

Мінск, 20 лістапада. Генпракуратура кваліфікавала падпал аўтамабіляў у Гродне як тэрарыстычны акт (ч. 1 арт. 289 КК).

"Па факце пашкоджання ноччу 20 лістапада 2020 года агульнанебяспечным спосабам чатырох аўтамабіляў, размешчаных на неахоўнай стаянцы па вул. Вялікая Альшанка ў Гродне, тэрытарыяльны аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу згодна з ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса. Падчас агляду месца здарэння каля аўтамабіля "Шкода-Актавія", які належыць супрацоўніку УУС Гродзенскага аблвыканкама, выяўленыя сляды гарэння. Устаноўлена, што пашкоджанні пярэдняй часткі транспартнага сродку ўзніклі ў выніку выбуху. Беручы пад увагу наяўнасць прыкмет акта тэрарызму, дзеянні неўстаноўленых асоб паводле ўказання генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь перакваліфікаваныя на ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса", — паведаміла Генпракуратура.

Для далейшага расследавання крымінальная справа накіраваная ва ўпраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці.

Даведка. Частка 2 артыкула 218 КК: наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры, караюцца абмежаваннем волі да 5 гадоў ці пазбаўленнем волі ад 3 да 10 гадоў.

Частка 1 артыкула 289 КК: здзяйсненне выбуху, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам альбо якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў або наступлення іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, альбо стварэння перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, альбо запалохвання насельніцтва, альбо дэстабілізацыі грамадскага парадку (акт тэрарызму) караецца пазбаўленнем волі ад 8 да 15 гадоў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239