Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/11/22/ru_1068946_123/
Дата раздрукоўкі: 06.12.2020 04:54
22.11.2020 19:12 Палітыка, Грамадства

У Мінску і рэгіёнах прайшлі раённыя Маршы супраць фашызму

Мінск, 22 лістапада. Дзясяткі лакальных Маршаў супраць фашызму прайшлі 22 лістапада ў Мінску і шэрагу іншых гарадоў краіны.

Каб расканцэнтраваць сілавікоў і паменшыць колькасць затрыманняў, пратэстоўцы змянілі тактыку: замест аднаго маршу арганізавалі шэсці ў рамках раёнаў і мікрараёнаў. Напярэдадні ў сталіцы быў таксама анансаваны збор на плошчы Незалежнасці, і гэта адцягнула частку сілавікоў для патрулявання цэнтра горада, у тым ліку плошчаў Незалежнасці, Кастрычніцкая і Перамогі.

Традыцыйна для ўскладнення каардынацыі паміж пратэстоўцамі па патрабаванні ўладаў была значна зніжаная хуткасць мабільнага інтэрнэту, часткова зачынены метрапалітэн (12 станцый, у тым ліку пяць на першай лініі, тры — на другой і ўсе чатыры — на трэцяй), адмененыя некаторыя прыпынкі для наземнага грамадскага транспарту (на цэнтральным адрэзку праспекта Незалежнасці).

У некаторых раёнах сілавікі разагналі дэманстрантаў. Зафіксаваныя выпадкі прымянення спецсродкаў, у прыватнасці, каля станцыі метро "Каменная Горка", дзе быў адзін з пунктаў збору пратэстоўцаў. Адзначаныя лакальныя сутычкі паміж дэманстрантамі і сілавікамі, якія праходзілі з пераменным поспехам.

Да 18.30 праваабаронцы ўстанавілі імёны 223 затрыманых (тыдзень таму на гэты ж час — 526). 196 з іх затрымана ў сталіцы, астатнія — у Бараўлянах (14), Пінску (6), Брэсце, Гродне (па 2), Заслаўі, Ляхавічах і Наваполацку (па 1).

У Мінску затрыманні адбываліся ля станцый метро "Каменная Горка", "Пушкінская", "Усход", каля плошчы Бангалор, ГЦ "Рыга", праспекта Дзяржынскага, "Мінск-Арэны", ва Уруччы, на вуліцах Лагойскі Тракт, Каліноўскага і ў іншых месцах. Сярод затрыманых — медсястра РНПЦ дзіцячай хірургіі Кацярына Воўк-Карачэўская, тэрапеўт паліклінікі № 26 Глеб Лявоненка, анестэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ "Мацi i дзiця", намеснік старшыні Партыі БНФ Зміцер Салошкін (разам з непаўналетнім сынам; адпушчаныя пасля складання пратакола), музыкант "Адыс-Абебы" Цімур Рейзіс, вакаліст гурту "Пятля прыхільнасці" Ілья Чарапко-Самахвалаў, 83-гадовы жыхар Заслаўя Максім Радзін.

Марш супраць фашызму — 15-я нядзельная акцыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Прыхільнікі перамен працягваюць патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама прыцягнення да адказнасці за збіццё і катаванне мірных дэманстрантаў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239