Да канца 2022 года Польшча не будзе збіраць з беларускіх грамадзян плату за афармленне нацыянальнай візы

Гэта вынікае з пастановы Міністэрства замежных спраў Польшчы № 2402 ад 22 снежня 2020 года, апублікаванай у польскай інтэрнэт-сістэме прававых актаў.
У пастанове таксама гаворыцца пра абнуленне консульскага збору за афармленне шэнгенскай візы для грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў і беларусаў ва ўзросце да 25 гадоў, якія бяруць удзел у семінарах, канферэнцыях, спартыўных, культурных або адукацыйных мерапрыемствах, арганізаваных некамерцыйнымі арганізацыямі.
Дакумент набыў моц 1 студзеня 2021 года.
Як паведамляецца на сайце Кіраўніцтва па справах замежнікаў Польшчы, нацыянальная віза дае права на ўезд, у тым ліку шматразовы, і бесперапыннае пражыванне на тэрыторыі краіны агульнай працягласцю больш за 90 дзён. Перыяд дзеяння нацыянальнай візы не можа перавышаць адзін год.
2 снежня мінулага года ўрад Літвы прыняў прапанову свайго Міністэрства замежных спраў выдаваць нацыянальныя візы беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій.
"З-за гвалту, учыненага беларускім рэжымам супраць сваіх грамадзян, і масавых парушэнняў правоў чалавека ўсё больш і больш грамадзян Беларусі, якія шукаюць прытулку і часовай абароны, хочуць прыехаць у Літву, — цытавала прэс-служба ўрада Саўлюса Сквярняліса, які выконваў на той момант абавязкі прэм`ер-міністра. — Для ўезду і знаходжання ў Літве на больш доўгі тэрмін грамадзянам Беларусі было неабходна атрымаць доўгатэрміновую нацыянальную візу, за якую спаганяецца збор за падачу заявы ў памеры 60 еўра. З гэтага часу плата спаганяцца не будзе".
Гэтая льгота будзе давацца ў тых выпадках, калі МЗС Літвы пацвердзіць, што запыт быў пададзены з-за асаблівых гуманітарных прычын, або выдача нацыянальнай візы без збірання консульскага збору адпавядае мэтам супрацоўніцтва ў галіне развіцця, знешняй палітыкі ці нацыянальнай бяспекі.