Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/01/06/ru_1073476_1073477/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 05:03
06.01.2021 09:34 Эканоміка, Фінансы, Палітыка

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за 2020 год скараціліся на 1,9 млрд долараў

Мінск, 6 студзеня. Золатавалютныя рэзервы Беларусі за снежань выраслі на 92,1 млн долараў (на 1,2%) і, паводле папярэдніх дадзеных, на 1 студзеня 2021 года склалі 7 млрд 468,5 млн долараў ЗША ў эквіваленце, паведамляе Нацыянальны банк.

Рэгулятар нагадвае, што згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі аб'ём ЗВР на пачатак 2021 года павінен быў скласці не менш за 7,3 млрд долараў.

У цэлым жа па выніках 2020 года золатавалютныя рэзервы краіны скараціліся на 1,9 млрд долараў ЗША, або на 20,5% (на пачатак мінулага года яны складалі 9,4 млрд долараў).

"Зніжэнне ўзроўню золатавалютных рэзерваў па выніках 2020 года ў асноўным абумоўлена планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 3,9 млрд долараў ЗША, у тым ліку ў снежні — 227 млн долараў ЗША, а таксама продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы", — тлумачыць рэгулятар.

Паводле звестак Нацбанка, падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у 2020 годзе спрыяла паступленне сродкаў ад размяшчэння Міністэрствам фінансаў на знешнім і ўнутраным рынку аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, прыцягненне знешніх дзяржаўных пазык, іншыя паступленні замежнай валюты ў бюджэт, а таксама рост кошту манетарнага золата.

Як адзначалася раней, сёлета рэзервы двойчы істотна зніжаліся: у сакавіку — на 1.018,4 млн долараў, у жніўні — на 1.399,8. Зніжэнне рэзерваў было абумоўлена ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам.

Істотнае павелічэнне рэзерваў назіралася толькі ў чэрвені — дзякуючы продажу еўрабондаў рэзервы Беларусі за першы летні месяц павялічыліся на 916,3 млн долараў.

У кастрычніку беларускія ўлады, калі разлічваліся па даўгах за газ, прыцягнулі крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 500 млн долараў, што таксама дазволіла крыху павялічыць золатавалютныя рэзервы.

Акрамя гэтага, у канцы снежня ў Беларусь паступіў першы транш у аб'ёме 500 млн долараў дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расіі. Чакаецца, што другі яго транш на такую ж суму будзе пералічаны ў гэтым годзе.

У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года з улікам пагашэння ўрадам і Нацбанкам унутраных і знешніх валютных абавязацельстваў павінен скласці не менш за 6 млрд долараў ЗША.

Такім чынам, улады дапускаюць зніжэнне аб'ёму ЗВР Беларусі да канца 2021 года яшчэ на 1,5 млрд долараў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239