Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/01/07/ru_1073536_1073537_123/
Дата раздрукоўкі: 25.01.2021 20:58
07.01.2021 05:02 Грамадства

Праваслаўныя святкуюць Раство Хрыстовае

Мінск, 7 студзеня. Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстовае. У ноч на 7 студзеня ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі прайшлі ўрачыстыя набажэнствы.

У праваслаўі Раство Хрыстовае ўваходзіць у лік дванаццаці найважнейшых святаў, вышэйшы за якія толькі Вялікдзень. Разам з Рускай праваслаўнай царквой (РПЦ), часткай якой з`яўляецца Беларускі экзархат, 7 студзеня Раство адзначаюць у Грузінскай, Іерусалімскай, Польскай, Сербскай праваслаўных цэрквах, праваслаўнай царкве Чэшскіх зямель і Славакіі (адзначае Раство двойчы, у тым ліку 25 снежня), а таксама ў Праваслаўнай царкве Украіны (прызнаная Сусветным патрыярхатам Канстанцінопаля і шэрагам іншых памесных цэркваў, але не РПЦ).

Астатнія памесныя цэрквы — Албанская, Александрыйская, Антыяхійская, Балгарская, Кіпрская, Канстанцінопальская, Румынская, Эладская — адзначаюць гэтае свята 25 снежня.

У святочным пасланні мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, патрыяршы экзарх усяе Беларусі зазначыў: каб Хрыстос знаходзіўся побач з чалавекам, ад яго "патрабуюцца пастаянныя намаганні". Паводле яго слоў, "толькі аднаму злу ўласціва распаўсюджвацца лёгка, і таму яно часта здаецца прывабным". Духоўнае жыццё, падкрэсліў праваслаўны іерарх, "заўсёды прадугледжвае не толькі барацьбу са слабасцямі і грахамі, але і нязменную накіраванасць розуму і сэрца да Бога".

"Нялёгкі шлях пройдзены намі ў мінулым годзе, — гаворыцца ў пасланні. — Ён быў вельмі няпросты для многіх людзей, народаў і дзяржаў, для чалавецтва ў цэлым. Пандэмія раней невядомай хваробы і звязаныя з ёй абмежаванні і пагрозы; напружанасць у шэрагу краін і рэгіёнаў свету; страта аднадумства і адзінства сярод памесных праваслаўных цэркваў, нарэшце, падзел у нашым грамадстве, што ўзнік на палітычнай глебе, — усё гэта пазбаўляе людзей пачуцця бяспекі, стабільнасці і спакою, якое ўжо стала звыклым і штодзённым для нас. Многія адчуваюць разгубленасць і страх перад будучыняй, забываючы пра Айцоўскую Любоў Божую да ўсіх нас і пра Яго выратавальнае Апекаванне".

Разам з тым, падкрэсліў ён, для хрысціян тое, што адбываецца, не з`яўляецца нагодай і падставай для тугі, бо "свет перажываў часы значна больш драматычныя і небяспечныя". Падзеі мінулага года ― гэта "сур`ёзная падстава задумацца аб нашым стаўленні да Бога і бліжніх, аб духоўным жыцці паводле запаведзяў, дараваных Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, у імкненні да Боганатхнёных Евангельскіх маральных ідэалаў", зазначаецца ў пасланні.

"Веруючыя людзі не могуць заставацца абыякавымі да трывожных падзей, што адбываюцца ў свеце, і перш за ўсё — у сваёй Айчыне, — перакананы патрыяршы экзарх. — Але мы таксама не павінны забываць пра пакорнамудрасць і малітоўную развагу ва ўсякай справе і ўсякім слове. Будзем слухаць сваё сэрца і не дазваляць яму апускацца ў бездань перажыванняў і страсцей, каб не страціць каштоўны ўнутраны мір душы, які даруецца звыш тым, хто шукае волю Божую. Менавіта гэты мір Хрыстовы, як толькі ён запануе ў сэрцы чалавечым, дае яму сілу любіць не толькі Бога і бліжняга, але нават і ворага свайго".

Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысціянскай канфесіяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасць вернікаў прыкладна ў чатыры мільёны. Праваслаўная царква ў Беларусі прадстаўленая паўтара тысячамі прыходаў у 15 епархіях, чатыры з якіх аб`яднаныя ў Мінскую мітраполію. У краіне дзейнічаюць звыш тысячы праваслаўных храмаў, больш за 100 цэркваў будуюцца.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239