Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/01/08/ru_1073689/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 05:00
08.01.2021 21:55 Культура, Палітыка

Сучасны мастацкі тэатр зноў абвясціў аб прыпыненні працы

Мінск, 8 студзеня. Сучасны мастацкі тэатр зноў абвясціў аб прыпыненні працы.

"Мы ізгоі ў нашай краіне, — адзначае тэатр на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". — Вымушаныя спыніць працу нашага тэатра... Прайшло толькі 2 тыдні, як зноў мы не можам паказваць спектаклі. Закрытая пляцоўка ОК16, на якой мы паспелі сыграць толькі 2 спектаклі, 5 студзеня 2021 года за 30 хвілін да спектакля нам прынеслі загад МНС. Са жніўня месяца тэатр памяняў 3 пляцоўкі".

Трупа падкрэслівае, што з моманту свайго адкрыцця 16 гадоў таму тэатр існуе без дзяржаўнай падтрымкі. "Для нашага тэатра наступаюць складаныя часы. Усе гэтыя гады мы выжывалі толькі за кошт сваёй дзейнасці, гэта значыць за кошт сваіх гледачоў і набытых імі квіткоў. Наша дзейнасць спыняецца па не залежных ад нас прычынах. Мы спадзяемся, што знойдуцца разважлівыя людзі і змогуць растлумачыць, за што і чаму нам забараняюць працаваць".

Сучасны мастацкі тэатр просіць гледачоў не вяртаць квіткі на спектаклі і адкласці візіт у тэатр да аднаўлення яго працы.

Квіткі будуць сапраўдныя на спектаклі да канца 2021 года.

7 снежня Сучасны мастацкі тэатр паведамляў, што не можа паказваць спектаклі без гастрольных пасведчанняў, якія ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама не падпісвае два месяцы. "Мы ўжо падавалі пяць разоў на дазволы, але знаходзіцца прычына на адмову. У выніку ў лістападзе мы паказалі адзін спектакль з сямі заяўленых дзён. На снежань адказу няма, хоць адміністратар удакладняе кожную раніцу і да канца працоўнага дня", — гаварылася ў паведамленні.

У выніку тэатру ўдалося аднавіць дзейнасць у другой палове снежня.

22 жніўня, праз 13 дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў, калектыў Сучаснага мастацкага тэатр апублікаваў адкрыты ліст, у якім асудзіў гвалт у дачыненні да мірных грамадзян, выказаў салідарнасць з калегамі з Купалаўскага тэатра, тэатраў лялек, оперы і балета, беларускай драматургіі, Белдзяржфілармоніі і акцёрамі з іншых тэатраў, якія "выходзяць на вуліцы, спяваюць і пратэстуюць".

У верасні Сучасны мастацкі тэатр аб`яўляў дзесяцідзённую забастоўку ў сувязі з арыштам Дзяніса Дудзінскага — столькі сутак атрымаў музыкант, тэлевядоўца і акцёр за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Тэатр працягнуў працу, калі Дудзінскі выйшаў на волю.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239