Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/01/11/ru_1073818_201458/
Дата раздрукоўкі: 25.01.2021 19:17
11.01.2021 10:33 Эканоміка

Эканамісты бачаць рызыкі для працягу рэцэсіі ў Беларусі

Мінск, 11 студзеня. Сёлета ў Беларусі можа захавацца адмоўная дынаміка ВУП. Такое меркаванне выказалі беларускія эканамісты, каментуючы БелаПАН афіцыйныя планы на 2021 год.

Згодна з зацверджаным афіцыйным прагнозам, эканамічны рост у 2021 годзе павінен скласці 1,8%. Аднак эканамісты мяркуюць, што выканаць гэты прагноз можна толькі ў выпадку спрыяльнай кан'юнктуры.

"Калі ўсе зоркі, вобразна кажучы, сыдуцца, тады такі сцэнар магчымы, — лічыць старшы аналітык Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук. — Аднак для гэтага трэба, каб ніякіх шокаў у эканоміцы не было, а працэнтныя стаўкі па крэдытах знізіліся, і ўдалося запусціць інвестыцыйнае крэдытаванне".

Пакуль жа для эканомікі шмат рызык, "узровень няпэўнасці зашкальвае, і спрыяльны сцэнар пакуль бачыцца малаверагодным", дадаў Крук.

Старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб у сваю чаргу адзначае: "Адным з асноўных драйвераў эканамічнага росту ў апошнія гады выступала ІТ-галіна. Пасля леташніх падзей тэмпы развіцця гэтай галіны відавочна замарудзяцца, а іншых драйвераў эканамічнага росту не відаць".

На думку аналітыкаў, нягледзячы на нізкую базу мінулага года і аднаўленне знешніх рынкаў пасля пандэміі, у новым годзе беларуская эканоміка расці не будзе.

"Дзяржпрадпрыемствы, нягледзячы на падзенне з-за пандэміі знешняга попыту, летась імкнуліся захаваць аб'ёмы вытворчасці, і гэта вылілася ў пагаршэнне фінансавых паказчыкаў на мікраўзроўні. Назапашаныя складскія запасы і фінансавыя праблемы будуць тармазіць рост прамысловай вытворчасці ў 2021 годзе", — лічыць Дзмітрый Крук. На яго думку, з улікам гэтага базавы сцэнар на гэты год можна сфармуляваць "як дынаміку ВУП у раёне нулявой адзнакі" (стагнацыя).

"Аднак базавы сцэнар не наканаваны. Цяпер дамінуюць рызыкі, якія могуць прывесці да пагаршэння эканамічных паказчыкаў. Рэалізавацца гэтыя рызыкі могуць у выпадку абвастрэння фінансавых праблем на ўзроўні прадпрыемстваў, працоўнай міграцыі, прыняцця новых пакетаў заходніх санкцый у дачыненні да Беларусі", — адзначае Крук.

Эксперты дапускаюць, што ў такой сітуацыі рэцэсія ў Беларусі ў 2021 годзе працягнецца.

"Еўрасаюз ужо пачаў уводзіць санкцыі ў дачыненні да асобных юрыдычных асоб Беларусі. Гэты трэнд працягнецца, што прывядзе да пагаршэння інвестыцыйнага клімату ў краіне і немагчымасці прыцягнуць новыя інвестыцыі. Заходнія эканамічныя санкцыі наўрад ці будуць вельмі жорсткімі, але да 1% ВУП Беларусь з-за ўплыву гэтага фактару можа страціць", — прагназуе Вадзім Іосуб.

На яго думку, ВУП Беларусі ў 2021 годзе можа скараціцца на 1—2%.

Падобны прагноз апублікаваў у студзені Сусветны банк. Аналітыкі банка чакаюць зніжэнне ВУП Беларусі ў 2021 годзе на 2,7%.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239