Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/01/11/ru_1073844_258741/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2021 02:02
11.01.2021 14:05 Спорт, Палітыка

Лукашэнка гатовы праводзіць ЧС-2021 без удзелу Латвіі

Мінск, 11 студзеня. Беларусь гатовая правесці чэмпіянат свету па хакеі, нават калі Латвія адмовіцца ад удзелу ў яго арганізацыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазэлем 11 студзеня ў Мінску.

Відэафрагменты апублікаваныя ў тэлеграм-канале "Пул Першага".

"Адказваючы на галоўнае пытанне, як я ўспрымаю ўсе целарухі вакол правядзення чэмпіянату свету ў Беларусі, скажу шчыра: вельмі спакойна. Здолее Міжнародная федэрацыя хакея вытрываць супраць націску — значыць, мы правядзем чэмпіянат свету. Калі Латвія адмовіцца, у Беларусі мы правядзем чэмпіянат свету, і гэта будзе найлепшы чэмпіянат свету ў гісторыі", — сказаў Лукашэнка.

"Калі Міжнародная федэрацыя хакея не справіцца з націскам, значыць, не будзе чэмпіянату свету ў Беларусі. Усё залежыць цяпер ад вас", — дадаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што калі б не пазіцыя выканкама IIHF і асабістая пазіцыя Фазэля, Беларусь "ніколі б не атрымала гэты чэмпіянат свету". "Таму рабі так, як будзе лепш хакею, так, як будзе лепш тваім сябрам і табе асабіста. Мы крыўды таіць не будзем", — звярнуўся ён да прэзідэнта IIHF. "Я згодны з тваімі словамі, якія ты нядаўна выказаў: спорт павінен аб`ядноўваць народы, а не раз`ядноўваць, і ён павінен быць, наколькі гэта магчыма, па-за палітыкай. У гэтым ключы мы будзем дзейнічаць", — дадаў Лукашэнка.

Ён запэўніў, што ў Беларусі няма і не будзе ніякай небяспекі "ні па каранавірусе, ні з пункта гледжання палітычнай бяспекі або фізічнай бяспекі людзей, якія жывуць тут і прыязджаюць да нас як госці". Паводле слоў Лукашэнкі, "пратэстоўцы і іншыя незадаволеныя не штурмуюць урадавыя ўстановы і капітоліі". "У нас цалкам нармальнае становішча з пункта гледжання развіцця дэмакратычных працэсаў. І гэта — галоўная прычына незадаволенасці Беларуссю асобных палітыкаў у Еўропе", — лічыць Лукашэнка.

Чэмпіянат павінен прайсці ў маі—чэрвені ў Мінску і Рызе. Еўрапейскі парламент 17 верасня выступіў з заклікам адмяніць матчы ў Беларусі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў. Зараз гэтую тэму актыўна абмяркоўваюць палітыкі і спартыўныя функцыянеры ў сямі краінах-удзельніцах: Германіі, Даніі, Нарвегіі, Фінляндыі, Чэхіі, Швецыі і краіне-суарганізатары Латвіі. Вядома, што супраць правядзення чэмпіянату ў Беларусі выступаюць гульцы некаторых зборных.

5 студзеня Рэнэ Фазэль паведаміў журналістам, што рашэнне па правядзенні гульняў у Беларусі будзе прынятае ў канцы студзеня на пасяджэнні савета федэрацыі. "Міжнародная федэрацыя хакея выкарыстоўвае ўсе рэсурсы, каб дакладна зразумець сітуацыю, якая адбываецца ў Беларусі. У нас ужо шмат было дыскусій. Цяпер нам трэба пагаварыць з урадам Беларусі і абмеркаваць сітуацыі палітычную і з каранавірусам. У канцы студзеня ў нас будзе пасяджэнне савета, на якім мы прымем рашэнне", — сказаў ён.

Візіт Фазэля ў Мінск планаваўся ў снежні, але быў адкладзены з-за таго, што ён заразіўся каранавірусам.

Анастасія Лосіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239