Лукашэнка даручыў выпрацаваць сіметрычны адказ на санкцыі ЕС у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў

"Пара-тройка нашых прадпрыемстваў трапілі пад так званыя бандыцкія санкцыі з боку Захаду. Задача ўрада — вы павінны сіметрычна адказаць на гэта. Яны ўвялі супраць нашых прадпрыемстваў санкцыі, мы павінны паглядзець, якія краіны гэта зрабілі, і мы павінны адпаведным чынам адрэагаваць", — даручыў Лукашэнка, урывак выступлення якога размясціў тэлеграм-канал "Пул Першага".
Паводле слоў Лукашэнкі, "калі яны зрабілі крокі ў няправільным кірунку і пачынаюць нас нахіляць, мы павінны сіметрычна адказаць". "Не трэба баяцца, трэба ім ужо паказваць зубы. Але, тым не менш, свае прадпрыемствы тыпу МЗКЦ і "Амкадор" і гэтак далей, яшчэ адно-два — мы павінны іх падтрымаць", — сказаў ён.
17 снежня 2020 года Еўрасаюз прыняў трэці пакет санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму. Яго адрозненне ў тым, што санкцыі распаўсюджваюцца не толькі на чыноўнікаў, але і на бізнесменаў, юрыдычныя асобы — прадпрыемствы і фірмы.
У прыватнасці абмежавальныя меры ўведзеныя ў дачыненні да 29 фізічных і сямі юрыдычных асоб. Пад санкцыі трапілі Кіраванне справамі прэзідэнта Беларусі, ЗАТ "Белтэхэкспарт", "Дана холдынгз/Дана Астра", ТАА "Сінезіс", ААТ "Агат", ААТ "140 рамонтны завод", ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў". Акрамя прадстаўнікоў улады ў яго таксама ўключаныя бізнесмены, якіх лічаць набліжанымі да Лукашэнкі, — Аляксандр Шакуцін (старшыня савета дырэктараў ААТ "Амкадор") і Мікалай Варабей.
Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у ЕС і замарожванне рахункаў як фізічных, так і юрыдычных асоб. Акрамя таго, рэзідэнтам ЕС наўпрост ці апасродкавана забаронена даваць доступ да фінансавых сродкаў і супрацоўнічаць з бізнесам, унесеным у санкцыйны спіс.