Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/01/13/eu_1074131_558877/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2021 02:31
13.01.2021 13:20 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз, Грамадства

Літоўская "Прэмія свабоды 2020" прысуджаная Святлане Ціханоўскай

Мінск, 13 студзеня. Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская ўзнагароджаная "Прэміяй Свабоды" сейма Літвы.

13 студзеня ў Літве адзначаюць Дзень абаронцаў свабоды — дзень памяці ахвяр трагічных падзей 1991 года, калі падчас узброенага сутыкнення каля Вільнюскай тэлевежы загінулі 13 чалавек. "Прэмія свабоды" была заснаваная сеймам у 2011 годзе.

"Прэмію 2020 года прысудзілі Святлане Ціханоўскай і беларускаму народу, які мірна змагаецца супраць гвалту і беззаконня ў сваёй краіне, — паведаміла прэс-служба Ціханоўскай. — Грашовы прыз у памеры пяці тысяч еўра Святлана Ціханоўская накіруе сем'ям загінулых мірных пратэстоўцаў".

Выступаючы сёння ў сейме, Ціханоўская адзначыла: "У гэты дзень 30 гадоў таму да Вільнюскай тэлевежы прыйшла маладая жанчына. Разам з тысячамі літоўцаў яна прыехала туды, каб мірна адстаяць свабоду сваёй краіны. Праз некалькі гадзін яе раздушыў насмерць савецкі танк. Яе імя сярод імёнаў 13 іншых герояў, і яго ніколі не забудуць у Літве. Як і Ларэта Асанавічутэ, сёлета беларусы выйшлі на вуліцы, каб вызначыць будучыню сваёй краіны. На жаль, як і Ларэта, некаторыя з іх таксама былі забітыя за гэта мірнае імкненне".

"Чаму адважныя літоўцы 30 гадоў таму ахвяравалі сваім жыццём? І чаму цяпер мільёны беларусаў рызыкуюць жыццём? Прычына простая. Яны адважыліся ісці да свабоды, — сказала Ціханоўская. — Рэжым думае, што, руйнуючы нас сваімі машынамі рэпрэсій, яны могуць сцерці наш дух свабоды і нашу годнасць. Гэтага не адбылося ў Літве і не адбудзецца ў Беларусі. Дарогі назад няма".

Паводле слоў Ціханоўскай, беларусам "яшчэ трэба пераадолець цяжкасці". "І важна ведаць, што мы не адзіныя ў барацьбе за дэмакратыю, — падкрэсліла яна. — Мы стагоддзямі адчувалі суседскае плячо Літвы. Сёння мы як ніколі ўдзячныя за падтрымку, бо сябар пазнаецца ў бядзе. І сёння ад імя ўсіх беларусаў я хачу вам за гэта падзякаваць".

Ціханоўская падзякавала ўладзе Літвы "за прынцыповую пазіцыю і вялікую падтрымку ўсіх беларусаў", а ўсіх літоўцаў — "за неверагодную салідарнасць".

"Усе беларусы памятаюць выдатную карцінку з тысяч літоўцаў, якія стаяць у ланцугу дружбы ад Вільнюса да мяжы з Беларуссю ў 31-ю гадавіну Балтыйскага шляху. Вы натхняеце і ўсяляеце ў нас надзею, — сказала Ціханоўская. — Я глыбока ўдзячная за "Прэмію свабоды 2020". Яна належыць усім беларусам, якія мірна змагаюцца супраць гвалту і беззаконня. Гэта вялікі гонар, але таксама і напамін для ўсіх: нам трэба заставацца засяроджанымі і згуртаванымі. І мы пераможам. За нашу і вашу свабоду! Жыве Беларусь!"

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239