Журналіст Андрэй Аляксандраў затрыманы па крымінальнай справе
Мінск, 13 студзеня. Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў затрыманы ў рамках крымінальнай справы, распачатай упраўленнем Следчага камітэта (УСК) па Мінску, паведаміла БелаПАН яго адвакат.
Пра якую справу ідзе гаворка і ў якім статусе знаходзіцца затрыманы, яна не ўдакладніла, бо дала падпіску аб невыдаванні. Сёння адвакат паспрабуе наведаць Аляксандрава ў ІЧУ на Акрэсціна.
Ва УСК па Мінску сітуацыю пакуль не каментуюць.
Андрэй Аляксандраў перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня каля 14.00. Амаль суткі родныя і калегі не ведалі пра яго месцазнаходжанне. 13 студзеня, пасля таго як дырэктар БелаПАН пайшоў у міліцыю пісаць заяву аб знікненні чалавека, высветлілася, што Аляксандраў знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУС Мінска.
Абставіны затрымання журналіста невядомыя. Разам з Андрэем была затрыманая яго дзяўчына, яна цяпер знаходзіцца на Акрэсціна.