Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/01/14/ru_1074253_258741/
Дата раздрукоўкі: 25.07.2021 12:34
14.01.2021 10:46 Палітыка, Грамадства

Human Rights Watch: Улады Беларусі распачалі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі

Мінск, 14 студзеня. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, Беларусь захліснулі масавыя і пераважна мірныя пратэсты, у адказ на якія ўлады распачалі шырокамаштабныя жорсткія рэпрэсіі, гаворыцца ў штогадовым "Сусветным дакладзе — 2021" праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

"Сусветны даклад — 2021" — гэта 31-шы штогадовы агляд практык і тэндэнцый у галіне правоў чалавека па ўсім свеце, які змяшчае аналіз сітуацыі больш як у 100 краінах.

У раздзеле, прысвечаным Беларусі, адзначаецца, што на мірныя пратэсты ўлады адказалі "адвольнымі затрыманнямі тысяч дэманстрантаў, сотні якіх зведалі катаванні і недазволенае абыходжанне з боку супрацоўнікаў сілавых структур". "Эскалацыя паліцэйскага гвалту выклікала толькі далейшы рост абурэння ў грамадстве, і дзясяткі тысяч чалавек працягнулі выходзіць на мірныя мітынгі і дэманстрацыі, патрабуючы справядлівых выбараў і правасуддзя за самавольства праваахоўнікаў, — гаворыцца ў дакладзе. — У дачыненні да прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, якія пратэстуюць, і іх прыхільнікаў былі распачатыя сотні палітычна матываваных крымінальных спраў. Журналісты, якія асвятлялі пратэсты, неаднаразова зведвалі затрыманні, збіванні, штрафы, выдварэнне з краіны і пазбаўленне акрэдытацыі. Улады дзясяткамі на розны час блакавалі сайты, на працягу некалькіх дзён у краіне амаль не працаваў інтэрнэт".

У дакладзе гаворыцца, што прэзідэнцкія выбары ў краіне праходзілі на фоне арыштаў вядучых апазіцыйных кандыдатаў, беспадстаўных адмоў некаторым апазіцыйным кандыдатам у рэгістрацыі і заяў аб масавых падтасоўках.

У прыватнасці адзначаецца, што Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў папулярнаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму, які на той момант адбываў адміністрацыйны арышт, на падставе таго, што дакументы на рэгістрацыю не былі падпісаныя ім асабіста. У выніку замест яго на выбары вылучылася яго жонка Святлана Ціханоўская.

Як адзначае HRW, 18 чэрвеня былі арыштаваныя "вядучы апазіцыйны кандыдат Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард". "Пазней улады паведамілі, што супраць Бабарыкі распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў, адмыванні грошай, атрыманні хабару. Сам ён настойвае на тым, што справа сфабрыкаваная. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду Бабарыка заставаўся ў СІЗА, — гаворыцца ў дакладзе. — Яшчэ аднаму ключавому апазіцыйнаму кандыдату, Валерыю Цапкалу, ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі, заявіўшы аб несапраўднасці больш як паловы подпісаў за яго вылучэнне".

HRW падкрэслівае, што выбары адбываліся без назірання з боку Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, якое не атрымала своечасовага запрашэння ад беларускага боку, а назіральнікі ад кааліцыі беларускіх праваабарончых арганізацый, сфармаванай для маніторынгу галасавання, не былі дапушчаныя да назірання за падлікам галасоў.

"Улады жорстка спынялі мірныя пратэсты 9—12 жніўня ў Мінску і іншых буйных гарадах, ужываючы супраць дэманстрантаў залішнюю сілу, гумовыя кулі, святлошумавыя гранаты і слезацечны газ, — гаворыцца ў дакладзе. — За чатыры дні было затрымана амаль сем тысяч дэманстрантаў і выпадковых прахожых. Затрыманыя ўтрымліваліся ў бесчалавечных і прыніжальных годнасць умовах. Сотні чалавек зведалі катаванні або іншае недазволенае абыходжанне з боку сілавікоў. Прынамсі чатыры чалавекі памерлі ў выніку супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі".

"Людзі, якія выйшлі на свабоду пасля затрымання, расказвалі пра пабоі, прымус да працяглага знаходжання ў стрэсавых позах, электрашок, — канстатуюць праваабаронцы. — Некаторыя атрымалі сур'ёзныя цялесныя пашкоджанні, уключаючы пераломы, рассячэнні або траўмы галавы. Паводле слоў былых затрыманых, міліцыянеры, амапаўцы і спецназаўцы хапалі іх на вуліцы, часам — вельмі жорстка, пасля чаго збівалі ў набітых бітком аўтобусах і міліцэйскіх "бусіках", дзе затрыманыя ледзь маглі дыхаць. Некалькі чалавек заявілі, што амапаўцы пагражалі ім згвалтаваннем: як правіла, гэта адбывалася, пакуль іх везлі ў аддзел міліцыю. Як мінімум адзін чалавек быў згвалтаваны дубінкай".

У дакладзе адзначаецца, што да затрыманых не дапускалі адвакатаў, сілавікі ігнаравалі просьбы аб медыцынскай дапамозе, сваякі часам на працягу некалькіх дзён не маглі высветліць лёс затрыманых. Пры гэтым падкрэсліваецца, што няма інфармацыі пра распачынанне крымінальных спраў па заявах грамадзян аб жорсткім абыходжанні з імі падчас затрымання і ў месцах утрымання пад вартай.

У дакуменце паведамляецца, што "да сярэдзіны лістапада агульная колькасць людзей, затрыманых у сувязі з пратэстамі з пачатку жніўня, дасягнула 25 тысяч".

"З пачатку лета ўлады распачалі больш за 500 крымінальных спраў супраць патэнцыйных прэзідэнцкіх кандыдатаў, актывістаў іх выбарчых штабоў і мірных дэманстрантаў па цэлым шэрагу беспадстаўных абвінавачанняў — ад арганізацыі або ўдзелу ў масавых беспарадках да хуліганства, — гаворыцца ў дакладзе. — Фігурантамі крымінальных спраў, у тым ліку аб нявыплаце падаткаў і махлярстве, таксама станавіліся прадпрымальнікі і супрацоўнікі кампаній, якія падтрымлівалі пэўных апазіцыйных кандыдатаў і пацярпелых ад міліцэйскага гвалту падчас пратэстаў. На 15 лістапада ў СІЗА паводле такіх палітычна матываваных абвінавачанняў заставаліся не менш як 118 чалавек".

HRW таксама адзначае, што са студзеня па лістапад 2020 года было зафіксавана больш за 500 выпадкаў уціску і затрымання журналістаў і прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу або арышту. "Асобнай мішэнню ўладаў былі журналісты, якія асвятлялі пратэсты або вялі прамую трансляцыю. Іх затрымлівалі і прыцягвалі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і незаконны выраб або распаўсюджванне прадукцыі СМІ", — гаворыцца ў дакладзе. У дакуменце прыводзяцца канкрэтныя выпадкі, калі журналісты былі збітыя або траўмаваныя пры асвятленні пратэстаў. У прыватнасці згадваюцца збіванні пры затрыманні ганцавіцкіх журналістаў Аляксандра Пазняка і Сяргея Багрова, карэспандэнта "Радыё Свабода" Антона Трафімовіча, а таксама згадваецца карэспандэнтка "Нашай Нівы" Наталля Лубнеўская, якая 9 жніўня была шпіталізаваная пасля ранення гумовай куляй.

У дакладзе названы і затрыманы блогер і кансультант "Радыё Свабода" Ігар Лосік, які абвінавачваецца ў "арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак". У цяперашні час Лосік застаецца ў СІЗА, дзе ўжо больш за 30 дзён трымае галадоўку.

HRW заўважае, што ў канцы жніўня ўлады пазбавілі акрэдытацыі прынамсі 19 журналістаў замежных СМІ, у тым ліку Reuters, Associated Press і BBC.

У дакладзе закранутая і тэма пандэміі COVID-19. "На працягу ўсяго перыяду пандэміі прэзідэнт Лукашэнка адмаўляў небяспеку COVID-19, — гаворыцца ў дакуменце. — Нягледзячы на высокі ўзровень кантактнага інфікавання, улады не ўводзілі ніякіх абмежавальных мер. У лістападзе ў Мінску і шэрагу іншых гарадоў быў уведзены масачны рэжым. Улады рабілі спробы прымусіць замаўчаць работнікаў аховы здароўя, якія расказвалі пра небяспеку пандэміі. У Віцебску пасля інтэрв'ю з крытыкай пасіўнасці ўрада быў звольнены галоўны ўрач гарадской бальніцы хуткай дапамогі Сяргей Лазар".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239