У офісе БелаПАН праходзіць вобшук

Супрацоўнікі кампаніі, якія павінны знаходзіцца ў офісе, не адказваюць на тэлефанаванні. Ля будынка стаіць мікрааўтобус з нумарам 9906 PH-7. Побач былі заўважаныя двое мужчын у чорных масках.
У офіс накіравалася галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына, неўзабаве сувязь знікла і з ёй. Адваката Сяргея Зікрацкага ўнутр не пускаюць, матывуючы гэта тым, што вобшук ужо пачаўся. "Вобшук праводзяць аператыўныя супрацоўнікі ў межах крымінальнай справы, распачатай упраўленнем Следчага камітэта па Мінску", — сказаў Зікрацкі.
Супрацоўніца БелаПАН Таццяна Бублікава паведаміла ў "Фэйсбуку", што вобшук пачаўся прыкладна ў 12.15. Яго праводзіць Следчы камітэт.
Вобшук звязаны з затрыманнем былога супрацоўніка БелаПАН журналіста Андрэя Аляксандрава. "Хочуць знайсці прадметы і дакументы, якія адносяцца да справы", — сказала Бублікава.
Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня. Ён падазраваны па справе, распачатай на падставе арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). "Згаданы грамадзянін затрыманы ў сувязі з усталяваннем дачынення да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і адбыліся на тэрыторыі Мінска", — паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Кацярына Гарлінская.
Затрыманая таксама дзяўчына Аляксандрава Ірына Злобіна.