Вобшук у офісе БелаПАН доўжыўся больш за тры гадзіны

Яго праводзілі больш за 10 супрацоўнікаў упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама па даручэнні ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску. Канфіскаваныя некаторыя рукапісныя запісы, дакументы, каля дзясятка цвёрдых дыскаў працоўных камп`ютараў, цвёрды дыск сервера лакальнай сеткі, два нэтбукі, візітныя карткі.
Вобшук праводзіўся ў рамках расследавання справы, распачатай па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у дачыненні да журналіста Андрэя Аляксандрава. У 2014—2018 гадах ён займаў пасаду намесніка дырэктара БелаПАН. Цяпер паміж ім і кампаніяй існуюць дамоўныя адносіны.
У пастанове на вобшук таксама фігураваў артыкул 293 КК (масавыя беспарадкі).
Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня. "Згаданы грамадзянін затрыманы ў сувязі з усталяваннем дачынення да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што адбыліся на тэрыторыі Мінска", — паведаміла на наступны дзень афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Кацярына Гарлінская.
Затрыманая таксама дзяўчына Аляксандрава Ірына Злобіна.