Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/01/15/ru_1074393_123/
Дата раздрукоўкі: 16.04.2021 17:10
15.01.2021 10:16 Эканоміка, Фінансы

ЕАБР: Дзярждоўг Беларусі перавысіў 50% ВУП

Мінск, 15 студзеня. Еўразійскі банк развіцця, які кіруе сродкамі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), ацэньвае ўзровень пазыковай нагрузкі на беларускую эканоміку ў 54% ВУП, гаворыцца ў заключэнні на крэдыт, які Беларусь атрымала са сродкаў ЕФСР восенню 2020 года.

На думку аўтараў крэдытнага заключэння, палітычная напружанасць і паслабленне нацыянальнай валюты справакавалі ў мінулым годзе адток грашовых сродкаў з банкаўскіх укладаў і сыход прадпрыемстваў і насельніцтва ў замежную валюту, што прывяло да значнага зніжэння золатавалютных рэзерваў.

Сітуацыя, што склалася, лічаць эксперты еўразійскага банка, "прыкметна аслабіла даўгавую пазіцыю" Беларусі і прывяла да павелічэння доўгу краіны ў пашыраным вызначэнні.

Згодна з ацэнкай ЕАБР, калі ў 2019 годзе ўзровень дзяржаўнага доўгу Беларусі да ВУП складаў 41,5% ВУП (з улікам дзяржгарантый і абавязацельстваў мясцовых бюджэтаў), то ў 2021-м, пасля леташніх падзей, будзе складаць больш за 50% ВУП.

"У 2021 годзе, на фоне прагназаванай слабой эканамічнай актыўнасці, узровень доўгу да ВУП застанецца каля 54%. Разам з ростам пазыковай нагрузкі эканоміка Беларусі будзе адчуваць націск з боку павелічэння выдаткаў на абслугоўванне доўгу. Паводле бягучага графіка плацяжоў, пік выплат прыпадзе на 2023 год, калі Беларусь на амартызацыю і працэнтнае абслугоўванне выдаткуе амаль 4 млрд долараў", — адзначаюць эксперты Еўразійскага банка развіцця.

Падчас снежаньскай анлайн-канферэнцыі, якая праходзіла ў рамках Еўразійскага кангрэса, саветнік выканаўчага дырэктара ЕФСР Сяргей Улатаў адзначаў, што еўразійскі фонд уважліва аналізуе сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі з пазыковай устойлівасцю.

"Мы перш за ўсё глядзім на рызыкі бюджэту, разрывы ў плацежным балансе, якія могуць стварыць сістэмныя рызыкі для фінансавай стабільнасці. У 2020 годзе ў Беларусі былі і запасы рэзерваў, і запасы ў бюджэце для пакрыцця разрываў фінансавання", — падкрэсліў Улатаў, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Пры гэтым ён выказаў здагадку, што ў найбліжэйшай перспектыве "рызыкі пазыковай устойлівасці Беларусі будуць узрастаць". "Будуць павялічвацца плацяжы Беларусі па еўрабондах, таксама доступ да даўгавога рынку для Беларусі не самы лепшы, таму мы будзем звяртаць на гэта ўвагу", — сказаў Улатаў.

У кастрычніку мінулага года Еўразійскі банк развіцця са сродкаў ЕФСР пералічыў Беларусі крэдыт у 500 млн долараў. Сродкі выдзеленыя на тэрмін да 10 гадоў з ільготным перыядам пагашэння да пяці гадоў пад рухомую працэнтную стаўку (вызначаецца як сярэдняя даходнасць расійскіх еўрааблігацый у доларах ЗША на тэрмін сем гадоў).

"Фінансавы крэдыт са сродкаў ЕФСР накіраваны на падтрымку бюджэту Рэспублікі Беларусь ва ўмовах негатыўных наступстваў пандэміі COVID-19", — тлумачыў Еўразійскі банк развіцця.

Між тым міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў у верасні адзначаў, што крэдыт ЕФСР дазволіць Беларусі пагасіць доўг за газ. У кастрычніку, пасля атрымання крэдыту ЕФСР, беларускі ўрад паведаміў пра пагашэнне завінавачанасці за расійскі газ.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239