На суботніх акцыях затрымана не менш за 150 чалавек

Праваабарончы сайт spring96.org прыводзіць дадзеныя 131 затрыманага ў Мінску і паведамляе аб затрыманні прыкладна 20 грамадзян у рэгіёнах (Брэст, Гродна, Маладзечна). Валанцёрскі тэлеграм-канал "Спісы затрыманых" размясціў інфармацыю аб 156 затрыманых у сталіцы.
У 16.20 ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла аб затрыманні 100 "найбольш актыўных асоб", "у дачыненні да якіх праводзіцца праверка ў рамках дзейнага заканадаўства". Сітуацыю ў горадзе міліцыя апісвала так: "Сёння на тэрыторыі Мінска праходзяць кароткачасовыя несанкцыянаваныя акцыі, удзел у якіх бярэ нешматлікая колькасць чалавек. Уздоўж дарог з'яўляюцца ланцужкі людзей (да 30 чалавек), якія праз некалькі хвілін разыходзяцца. Гэтыя акцыі праводзяцца з мэтай фатаграфавання і размяшчэння фатаграфій у розных інтэрнэт-крыніцах і накіраваныя на фармаванне ў грамадства маштабнасці пратэстнага руху".
Учарашнія затрыманні — самыя масавыя пасля 20 снежня мінулага года. Упершыню за апошнія некалькі тыдняў была заўважаная тэхніка сілавікоў, якая заязджала ў цэнтр Мінска. Гэта магло быць звязана з тым, што першы раз пасля 6 снежня ў тэлеграм-каналах быў прапанаваны адзіны час выхаду на вуліцы (для стварэння ланцугоў салідарнасці). У той жа час метрапалітэн і мабільны інтэрнэт функцыянавалі ў звычайным рэжыме. Варта таксама адзначыць, што днём адначасовага збору ўпершыню стала субота, а не нядзеля.
Мяркуючы па фатаграфіях і відэазапісах у сацсетках, пратэсты праходзілі ў розны час сутак. БелаПАН налічыў у сталіцы 49 акцый, візуальная інфармацыя пра якія была размешчаная ў найбольш папулярных сетках і тэлеграм-каналах СМІ і прыватных асоб, з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 1.171 (у нядзелю, 17 студзеня, былі размешчаныя фота- і відэасведчанні аб 20 акцыях з удзелам 336 чалавек, якія трапілі ў кадр; 10 студзеня — 21 акцыя, 869 удзельнікаў; 3 студзеня — 29 акцый, 1.015 удзельнікаў).
Пратэстныя мерапрыемствы прайшлі таксама ў Жодзіне, Дзяржынску, Салігорску (Мінская вобласць), Наваполацку (Віцебская вобласць), Лідзе (Гродзенская вобласць), населеных пунктах паблізу сталіцы.