Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/02/11/ru_1077422_123/
Дата раздрукоўкі: 16.04.2021 18:26
11.02.2021 11:02 Грамадства, Палітыка

У Палацы Рэспублікі пачаў працу VI Усебеларускі народны сход

Мінск, 11 лютага. У Палацы Рэспублікі пачаў працу двухдзённы VI Усебеларускі народны сход (УНС).

Сход транслюецца ў жывым эфіры беларускіх тэлеканалаў і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, на сайтах VI УНС і шэрагу дзяржаўных СМІ. Тэлеверсія будзе паказаная 14 лютага ў вячэрнім эфіры дзяржтэлеканалаў.

Плануецца, што ў першы дзень на УНС з дакладам выступіць Аляксандр Лукашэнка — пра гэта паведаміла яго прэс-служба. Лукашэнка таксама мае намер прысутнічаць на сходзе і 12 лютага.

Удзельнікі УНС — каля 2,4 тыс. дэлегатаў і прыкладна 300 гасцей. Паводле дадзеных афіцыйнага телеграм-канала УНС, больш за ўсё дэлегатаў прадстаўляюць сферу прамысловасці, будаўніцтва і транспарту (30%), сацыяльна-культурную сферу, сферу паслуг і СМІ (25,9%). Сярод удзельнікаў таксама ёсць прадстаўнікі органаў дзяржкіравання (14,8%), АПК (8,2%), парламента (6,8%), сілавога блока (4,1%), прыватнага бізнесу (2,7%). Акрамя таго, у ліку дэлегатаў сходу навучэнцы і студэнты (1,5%), а таксама пенсіянеры і прадстаўнікі іншых слаёў насельніцтва (5,9%).

На сайце УНС адзначана, што гэта "народны форум, падчас якога абмяркоўваюцца асноўныя пытанні развіцця беларускай дзяржавы". Сход названы "дэмакратычным інстытутам актывізацыі грамадскай думкі", а таксама "адной з найважнейшых форм народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь".

Сцвярджаецца, што УНС праводзіцца "ў поўнай адпаведнасці" з арт. 3 Канстытуцыі, згодна з якім адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з`яўляецца народ. "Канстытуцыя гарантуе беларускім грамадзянам права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў", — гаворыцца на сайце сходу.

Адзначаецца таксама, што дэлегаты закліканыя "ацаніць дзеянні ўлады за мінулыя пяць гадоў, вызначыць асноўныя напрамкі і параметры развіцця дзяржавы на будучую пяцігодку, выпрацаваць план эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны".

На нарадзе 28 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на УНС могуць быць запрошаныя "прадстаўнікі апазіцыйнага пункту гледжання" — калі яны хочуць "весці дыялог і працаваць у імя краіны". Запрашэнне паўдзельнічаць у форуме ў якасці гасцей атрымалі ў тым ліку старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, старшыня партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" Сяргей Чэрачэнь, кіраўнік Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін. Усе яны адмовіліся ад удзелу ў сходзе. Згоду дала экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як апазіцыйнага палітыка і прэтэндавала на пасаду прэзідэнта на апошніх выбарах.

Апаненты Лукашэнкі не прызнаюць легітымнасці УНС — яны звяртаюць увагу на тое, што працэдура абрання дэлегатаў не была празрыстай і ў іх склад былі ўключаныя толькі лаяльныя ўладзе людзі. 5 лютага правядзенне УНС раскрытыкавала Святлана Ціханоўская. Гэты "наменклатурны сход спрабуюць выставіць як нешта, што выражае волю народа", заявіла яна.

Напярэдадні УНС у шэрагу тэлеграм-каналаў з`явілася інфармацыя пра тое, што рыхтуюцца акцыі ў знак нязгоды з правядзеннем сходу. Са свайго боку МУС у асобе афіцыйнага прадстаўніка Вольгі Чамаданавай папярэдзіла, што "праваахоўнікі не дапусцяць правядзення якіх-небудзь несанкцыянаваных акцый на фоне важнага грамадска-палітычнага мерапрыемства".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239