Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/02/16/ru_1077939_1077940/
Дата раздрукоўкі: 16.04.2021 17:53
16.02.2021 11:20 Грамадства, Палітыка

Праходзіць вобшук у мінскім офісе праваабарончага цэнтра "Вясна"

Мінск, 16 лютага. У мінскім офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна" праходзіць вобшук, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч. Паводле яго слоў, каля 11.00 унутр зайшлі старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі і восем сілавікоў.

Да пачатку вобшуку Бяляцкаму патэлефанавалі прадстаўнікі праваахоўных органаў і сказалі з'явіцца ў офіс арганізацыі на праспекце Незалежнасці.

"Гэта логіка рэпрэсій — спачатку прыйсці да палітыкаў, актывістаў, а потым да журналістаў і праваабаронцаў. Так было і пасля [прэзідэнцкіх выбараў] 2010 года. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта менавіта акцыя запалохвання журналістаў і праваабаронцаў", — сказаў Стэфановіч у каментары БелаПАН.

"Адзінае, што можна сказаць: мы ўсе выконваем свае праваабарончыя функцыі, — падкрэсліў Стэфановіч. — Людзей на вуліцу выводзілі не мы, а ўсім вядомы дзеяч, які сінімі пальцамі трымаецца за ўладу. Людзі выходзілі на вуліцу не таму, што іх на гэта арганізоўвалі праваабаронцы ці журналісты. Мы толькі працуем з наступствамі таго, што ў краіне адбываецца, а ўсю адказнасць за тое, што адбываецца, натуральна, нясуць улады".

"Мы пра гэта казалі і адразу пасля жніўня, і працягваем сцвярджаць гэта цяпер, таму што мы бачым узмацненне рэпрэсій. Цяпер гэтыя рэпрэсіі перакінуліся на праваабарончыя арганізацыі і журналістаў", — дадаў ён.

Вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў пачаліся раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі. Пазней Следчы камітэт паведаміў, што вобшукі праводзяцца ў рамках расследавання справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.

"У рамках папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў", — гаворыцца ў паведамленні СК.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239