Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/02/16/ru_1077950_1077951/
Дата раздрукоўкі: 16.04.2021 18:13
16.02.2021 11:57 Грамадства, Палітыка

У намесніка старшыні БАЖ Гарэцкага пры вобшуку канфіскавалі тэлефоны, ноўтбукі і грошы, ён на волі

Мінск, 16 лютага. Пры вобшуку ў кватэры намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага канфіскавалі мабільныя тэлефоны, ноўтбукі і грошы. Сам Гарэцкі на волі, ніякага працэсуальнага статусу не мае.

Гарэцкі паведаміў БелаПАН, што сілавікі прыйшлі да яго дадому каля 7.30 раніцы. "Пачалі тэлефанаваць у дзверы, хвілін праз 10 з`явілася група з балгаркай, таму мы адкрылі, — сказаў ён. — Забеглі супрацоўнікі, рукі за спіну і гэтак далей".

Гарэцкаму паказалі пастанову на вобшук, аформленую Следчым камітэтам. Вобшук праходзіў у рамках расследавання справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.

"Абышлі ўвесь дом. Забралі тэлефоны, ноўтбукі, сямейныя грошы. Там невялікая сума была, але забралі нават гэта", — сказаў Гарэцкі. Вобшук доўжыўся больш як тры гадзіны.

Вобшук у офісе БАЖ усё яшчэ працягваецца. Там знаходзіцца старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец.

Як паведамлялася раней, раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі пачаліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў.

У Мінску сілавікі прыйшлі дадому да кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэя Бастунца, а таксама яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева. Вобшук таксама прайшоў у кватэры, дзе жыве сын Бастунца Арсеній.

Прайшоў вобшук у юрысткі Крысціны Рыхтэр, у яе забралі тэлефон і дакументы, якія тычацца дзейнасці БАЖ.

У Гомелі сілавікі прыйшлі да журналісткі-фрылансара Ларысы Шчыраковай. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у яе праводзіцца вобшук у рамках справы паводле арт. 362 КК (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў). Таксама праводзіцца вобшук у журналіста Анатоля Гатоўчыца і валанцёра Валерыя Сляпухіна.

У Гомельскай вобласці праходзяць вобшукі ў праваабаронцаў са Светлагорска і Мазыра Алены Маслюковай і Уладзіміра Целепуна.

У мінскім офісе праваабарончага цэнтра "Вясна" таксама праходзіць вобшук. Акрамя таго, сілавікі прыйшлі да членаў магілёўскага аддзялення "Вясны" Аляксея Колчына і Барыса Бухеля. Вобшук праходзіць і ў журналіста-фрылансара Аляксандра Буракова-малодшага.

Сілавікі таксама прыйшлі да каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", праваабаронцы "Вясны" Андрэя Палуды.

У Брэсце з вобшукамі прыйшлі да бацькоў валанцёраў ПЦ "Вясна" Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч. Тэлефон праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна недаступны.

З раніцы таксама недаступныя тэлефоны юрыста ПЦ "Вясна" Паўла Сапелкі і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва. Апошняга, паводле інфармацыі яго жонкі, пасля вобшуку забралі сілавікі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239