Суд зрабіў працэс па справе Барысевіч і Сарокіна закрытым
Суд Маскоўскага раёна Мінска будзе разглядаць у закрытым рэжыме крымінальную справу журналісткі партала tut.by Кацярыны Барысевіч і анестэзіёлага-рэаніматолага сталічнай бальніцы хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна. Такое рашэнне прыняла суддзя Святлана Бандарэнка на падставе хадайніцтва абвінавачання.
Разгляд справы пачаўся раніцай 19 лютага ў судзе Маскоўскага раёна. У залу пусцілі адвакатаў, сваякоў, акрэдытаваных журналістаў беларускіх дзяржаўных і расійскіх СМІ, прадстаўнікоў дыпкорпусу. Усяго ў зале прысутнічала 30 чалавек.
На судовае пасяджэнне таксама прыйшла маці загінулага мінчаніна Рамана Бандарэнкі Алена Бандарэнка.
Адвакат Сарокіна — Вольга Бацюк, абаронцы Барысевіч — Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук.
Пракурор Людміла Іваненка выступіла супраць фота- і відэаздымкі, адвакаты супраць яе правядзення не пярэчылі. Суд забараніў здымку.