Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі: Рэпрэсіі ў Беларусі нарастаюць, мы павінны абмеркаваць магчымы адказ ЕС

"Узмацняюцца рэпрэсіі, працягваецца запалохванне людзей, грамадзянскай супольнасці, — сказаў Барэль. — Савет міністраў замежных спраў павінен узяць гэта пад увагу, каб абмеркаваць магчымы адказ ЕС".
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс адзначыў: "Я ўдзячны спадару Барэлю за тое, што ён дадаў беларускае пытанне ў сённяшні парадак дня. Я думаю, што вельмі важна за ўсімі падзеямі, якія адбываюцца ў свеце, не губляць з увагі тое, што адбываецца ў нашых найбліжэйшых суседзяў. Тэма правоў чалавека і каштоўнасцяў застанецца галоўнай".
16 лютага ў Беларусі прайшлі вобшукі ў офісах і кватэрах дзясяткаў праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і незалежных журналістаў па ўсёй краіне. Так, вобшукі былі праведзеныя ў офісе БАЖ, у яе старшыні Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, у офісе цэнтра "Вясна" і ў яго старшыні Алеся Бяляцкага, у каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах.
Паводле інфармацыі МУС, праведзена прыкладна 90 вобшукаў. Следчы камітэт паведаміў, што вобшукі прайшлі ў межах расследавання справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Вобшукі і затрыманні асудзілі ў Савеце Еўропы, Еўрасаюзе, АБСЕ, арганізацыі "Міжнародная амністыя", беларускія праваабарончыя арганізацыі, Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і іншыя арганізацыі.
18 лютага суддзя Наталля Бугук на пасяджэнні суда Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыла карэспандэнтаў тэлеканала "Белсат" Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і Дар`ю Чульцову да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрасіла пракурор Аліна Кас`янчык. Журналісткі прызнаныя вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту, актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Андрэева і Чульцова віны не прызналі.
У абарону Андрэевай і Чульцовай выступіла беларуская і сусветная медыясупольнасць, Еўрасаюз, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі. Праваабаронцы прызналі журналістак палітзняволенымі.