Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі: Фізічныя катаванні ў адносінах да жанчын мелі меншы ахоп, чым да мужчын

Як паведамляе сайт "Прававой ініцыятывы", гэтая справаздача тычыцца прымянення катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага чалавечую годнасць абыходжання ў дачыненні да жанчын.
"Асноўная эскалацыя катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, якое зневажае чалавечую годнасць, з боку сілавых органаў адбывалася 9—13 жніўня 2020 года па ўсёй Беларусі. Гвалт супраць мірных дэманстрантаў улады працягнулі да канца 2020 года і ў студзені 2021 года, — гаворыцца ў справаздачы. — Ужываючы да жанчын (як да адной з уразлівых груп) — удзельніц мірных акцый прамы гвалт і дапускаючы розныя формы бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання, ігнаруючы асаблівыя патрэбы жанчын, якія знаходзяцца ў няволі, прадстаўнікі дзяржавы ажыццявілі як прамое парушэнне нацыянальных прававых нормаў, так і абавязацельстваў дзяржавы, што вынікаюць з міжнародных дагавораў".
У дакуменце адзначаецца, што медыцынская дапамога затрыманым жанчынам не давалася або давалася ў адзінкавых выпадках.
"Сексуальны гвалт у адносінах да жанчын адбываўся практычна паўсюдна і на розных стадыях узаемадзеяння з прадстаўнікамі сілавых структур: у моманты затрымання, перавозкі ў месцы ўтрымання, у месцах утрымання, у месцах адбыцця пакарання", — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Пры гэтым удакладняецца, што згодна з Гаагскімі прынцыпамі, якія тычацца сексуальнага гвалту, пад такім разумеюцца "адзінкавыя, шматлікія, бесперапынныя або перыядычныя акты, якія ў кантэксце ўспрымаюцца пацярпелым, выканаўцам як сексуальныя па сваёй прыродзе, у тым ліку і выкліканне ў каго-небудзь разумных асцярог ці страху адносна актаў сексуальнага гвалту, пазбаўленне каго-небудзь доступу да гігіены, лячэння або лекаў, звязаных з менструацыяй, паводзіны выканаўцы, якія ў дадзеных абставінах могуць быць вытлумачаныя як абразлівыя, зневажальныя або як запалохванне".
"Асноватворным з`яўляецца той факт, што гэтыя акты, прыраўнаваныя да сексуальнага гвалту, ажыццяўляліся прадстаўнікамі дзяржавы", — гаворыцца ў справаздачы.
Адзначаецца, што дастаўленне ў пенітэнцыярныя ўстановы і ўмовы ўтрымання ў іх "не адпавядаюць міжнародным стандартам і нацыянальнаму заканадаўству і ўяўляюць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае чалавечую годнасць абыходжанне".
"На скаргі, пададзеныя ў органы пракуратуры на ўмовы ўтрымання, дзяржава не рэагуе і працягвае мэтанакіраваную практыку стварэння жорсткіх, бесчалавечных і прыніжальных чалавечую годнасць умоў утрымання жанчын у месцах няволі", — адзначаюць праваабаронцы.
Ніводнай крымінальнай справы па заявах аб катаваннях так і не было распачата, падкрэсліваюць праваабаронцы.
"Шматлікія акты гвалту, прымененыя да жанчын падчас затрымання, а таксама пры дастаўленні і ўтрыманні іх у месцах няволі, з-за іх масавасці цалкам трапляюць пад юрысдыкцыю арт. 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злачынствы супраць бяспекі чалавецтва), а таксама парушаюць Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання і Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын", — падкрэсліваецца ў справаздачы.
На думку яго аўтараў, ва ўсіх месцах няволі ў Беларусі парушаюцца палажэнні Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы), а менавіта: жаночыя аддзяленні турмы павінны знаходзіцца ў падпарадкаванні адказнага супрацоўніка жаночага полу; ні адзін супрацоўнік мужчынскага полу не павінен дапускацца ў жаночае аддзяленне без суправаджэння супрацоўніка жаночага полу; нагляд над жанчынамі таксама павінны ажыццяўляць супрацоўнікі жаночага полу. Насуперак названым нормам асабістыя вобшукі затрыманых жанчын нярэдка праводзілі мужчыны.
"Вышэйзгаданыя парушэнні, а таксама адзначаныя вялікай колькасцю апытаных жанчын пагрозы сексуальным гвалтам на ўсіх этапах знаходжання іх пад кантролем сілавікоў, цынічныя ацэнкі мужчын-ахоўнікаў знешнасці зняволеных жанчын і асаблівасцяў жаночай фізіялогіі, падкрэслена акцэнтаваныя абразы іх менавіта як жанчын, адмовы выдаць спецыфічныя для жанчын сродкі асабістай гігіены і іншыя аналагічныя дзеянні сведчаць аб грубым парушэнні дзяржавай палажэнняў арт. 2 Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, удзельнікам якой Рэспубліка Беларусь з`яўляецца", — гаворыцца ў справаздачы.
Праваабаронцы адзначаюць: "Довады афіцыйных уладаў аб тым, што, спыняючы мірныя дэманстрацыі арыштамі і штрафамі, яны дзейнічаюць у адпаведнасці з законам аб масавых мерапрыемствах і Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, няслушныя, бо згодна з сумесным заключэннем Венецыянскай камісіі і БДІПЧ АБСЕ "Пра закон аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", а таксама і шэрагам рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН гэты закон не адпавядае палажэнням арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ўстанаўлівае агульнапрызнаныя стандарты свабоды мірных сходаў".
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, учыненых супраць удзельнікаў мірных акцый, быў створаны 20 жніўня беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Яго мэта — збор фактаў і доказаў аб прымяненні катаванняў у дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту ў Беларусі, каб у далейшым вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці.