Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/03/25/ru_1082073_1082074/
Дата раздрукоўкі: 19.04.2021 09:06
25.03.2021 06:07 Палітыка, Грамадства

Сёння — 103-я гадавіна абвяшчэння БНР

Мінск, 25 сакавіка. Дэмакратычная грамадскасць Беларусі з 1989 года публічна адзначае гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) вулічнымі шэсцямі і мітынгамі. Сёлета масавае святкаванне забароненае ўладамі.

Заяўка на правядзенне Дня Волі з удзелам 30 тысяч чалавек была пададзеная ў Мінгарвыканкам 9 сакавіка ад імя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэньне" і руху "За Свабоду".

22 сакавіка стала вядома, што міліцыя адмовілася заключаць дамову з арганізатарамі на ахову грамадскага парадку падчас мерапрыемства. У адказе, падпісаным начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама Міхаілам Грыбам, у якасці падстаў для адмовы пазначаныя каранавірус, маршрут, які выбралі арганізатары шэсця, а таксама заклікі да правядзення несанкцыянаваных акцый, размешчаныя ў тэлеграм-каналах, у тым ліку экстрэмісцкага характару.

23 сакавіка арганізатары атрымалі афіцыйны адказ Мінгарвыканкама, які адхіліў заяўку на правядзенне вулічнай акцыі. Як паведаміў БелаПАН адзін з арганізатараў мерапрыемства, лідар руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч, у адказе было пазначана некалькі прычын для адмовы.

Напрыклад, адзначалася, што абраны арганізатарамі маршрут не адпавядае патрабаванням закона. Хоць у 2018 годзе гэты маршрут ужо выкарыстоўваўся на Дзень Волі: шэсце ад перасячэння праспекта Незалежнасці з вуліцай Янкі Купалы да плошчы Парыжскай Камуны, 1, мітынг на пляцоўцы перад оперным тэатрам.

Акрамя таго, Мінгарвыканкам адзначыў, што ў арганізатараў ёсць дамова толькі з медыкамі, але няма дамовы з міліцыяй і камунальнікамі, а без гэтых дамоў улады не могуць узгадніць мерапрыемства.

Гарадскія ўлады таксама лічаць, што арганізатары парушылі закон, абвясціўшы ў СМІ маршрут і дату мерапрыемства да атрымання адказу ад выканкама.

"Адказ Мінгарвыканкама не вызначаецца арыгінальнасцю, — пракаментаваў Губарэвіч. — Дзейнічаючы відавочна ўзгоднена з гарадскім упраўленнем міліцыі, яны маглі б спыніцца на адным пункце і адмовіць арганізатарам мерапрыемства з-за адсутнасці дамоў з міліцыяй і камунальнікамі. Але яны вырашылі знайсці яшчэ процьму пацвярджэнняў свайму рашэнню, у прыватнасці, спаслаўшыся на сітуацыю з каранавірусам".

"Тут можна падкрэсліць, што для правядзення дзяржаўных мерапрыемстваў, і нават у закрытых памяшканнях, гэта не з'яўляецца праблемай, — дадаў палітык. — Спасылка [у адказе выканкама] на неаднаразовае нібыта парушэнне заяўнікамі закона "Аб масавых мерапрыемствах", які забараняе публікацыю, разгалошванне даты, месца і часу мерапрыемства да атрымання дазволу, выглядае абсурдна, таму што гэта была наша прынцыповая пазіцыя — не выдаваць і не агучваць такія звесткі. Наўрад ці Цуран (намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран. — БелаПАН.) зможа знайсці хоць адну публікацыю, дзе гэтыя дадзеныя ёсць. Ну, напэўна, акрамя слоў кіраўніка КДБ Церцеля, дзе такія дадзеныя агучваліся. Таму гэты адказ выканкама выглядае як бяздумнае капіяванне іншых адказаў з адмовамі, нават без вычытвання зместу".

Арганізатары заявілі аб намеры абскардзіць адмову гарвыканкама.

Між тым 23 сакавіка Міхаіл Грыб заклікаў грамадзян устрымацца ад удзелу ў несанкцыянаваных акцыях. "ГУУС атрымлівае інфармацыю аб наяўных на розных тэлеграм-каналах закліках да ўдзелу 25 сакавіка гэтага года ў несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі нашай сталіцы, — сказаў ён. — Асноўная мэта правакатараў — дэстабілізацыя становішча ў горадзе Мінску, ініцыяванне сутыкненняў удзельнікаў акцый з супрацоўнікамі міліцыі. ГУУС і іншыя службы прымаюць і прымуць усе неабходныя меры для падтрымання поўнага грамадскага парадку на тэрыторыі горада Мінска".

Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Мінску. Пасля зрыву мірных перамоў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі горад. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з'езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання Устаноўчага сейма.

У БНР быў замацаваны дзяржаўны статус беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. У рэспубліцы ўвялі пашпарт грамадзяніна БНР, узаконілі дзяржаўную сімволіку — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыпламатычныя прадстаўніцтвы БНР.

Аднак у сілу складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна.

1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР. Тым не менш менавіта перыяд БНР шэраг гісторыкаў разглядае як першы этап дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239