Католікі, грэка-католікі і пратэстанты святкуюць Вялікдзень

Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец у сваім пастырскім пасланні адзначыў, што адкрыла людзям Уваскрэсенне Хрыста: "Цялесная смерць — гэта яшчэ не канец, таму адзінае, што мусіць хваляваць, гэта каб не апынуцца ў стане духоўнай смерці".
"Духоўная смерць пачынаецца з цяжкага граху — свядомага, дабравольнага і прамога парушэння Божых запаведзяў, — падкрэсліў ён. — Цялесная смерць — гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі. Уваскрэснуць з мёртвых азначае выбіраць Божы спосаб жыцця, які пачынаецца праз жыццё ў Божай ласцы".
Паводле слоў біскупа Велікасельца, ужо больш за год людзі "перажываюць роспач і няўпэўненасць у сваёй будучыні", бо пандэмія COVID-19 яшчэ раз паказала, "якое крохкае існаванне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналогій". "Гэты вірус прынёс бяду ў нашы дамы і на нашы вуліцы, — канстатаваў каталіцкі іерарх. — Нам можа здавацца, што Бог маўчыць, пакуль цярпяць невінаватыя. Хрыстос вучыць нас з годнасцю пераносіць цярпенне, і Ён неабыякавы да нашых жыццёвых клопатаў".
"Там, дзе ёсць падзелы, мы можам быць творцамі гармоніі, прабачэння і паяднання", бо праз гэта "мы будзем сведчыць пра надзею ўваскрэсення і любоў Хрыста да кожнага чалавека не толькі на словах, але і праз учынкі", гаворыцца ў пасланні.
"Любоў да Бога і да бліжніх патрабуе канкрэтнага выражэння ў словах і справах, — адзначыў Велікаселец. — Асабліва прашу бескарысліва дапамагаць тым у нашай светлай Бацькаўшчыне, хто цяпер прыгнечаны жыццёвымі абставінамі і не можа або саромеецца папрасіць аб дапамозе. Што б ні адбывалася вакол нас — не бойцеся рабіць дабро".
Ён нагадаў, што 13 красавіка 1991 года святы Ян Павел II аднавіў структуры каталіцкага касцёла ў Беларусі. Гэта стала магчымым "дзякуючы адвазе тых вернікаў і пастыраў нашай зямлі, якія ў часы пераследу не гублялі надзеі ў Богу, захавалі і перадалі веру ў Бога наступным пакаленням, <...> вучылі дзяцей маліцца, патаемна рыхтаваліся да сакрамэнтаў споведзі і камуніі, да сужэнства, да святарства, клапаціліся аб вяртанні касцёлаў". І ў наш час ёсць тыя, хто "дзеля дабра іншых рызыкуе сваім грамадскім становішчам і нават жыццём", заявіў каталіцкі іерарх.
"Я хачу падзяліць з вамі радасць Уваскрэсення Пана, але разумею, што сёлета не ў кожнай сям’і велікодная радасць будзе поўнай, — заявіў Велікаселец. — Горача прашу Бога, каб Ён у сваёй міласэрнасці дапамог усім нам — пастырам і вернікам — супрацьстаяць выклікам нашага часу. Кожная цемра змяняецца святлом. Разам з вамі малюся аб гэтым святле".
"Беларуская паэтка Ларыса Геніюш у адным са сваіх вершаў напісала: "Хрыстос уваскрос з крыві і болю, каб светач праўды не пагас". Няхай не пагасне праўда ў нашым грамадстве, няхай яно ідзе за Хрыстом, бо Ён — дарога, і праўда, і жыццё", — дадаў апостальскі адміністратар архідыяцэзіі.
Каталіцызм — другая пасля праваслаўя хрысціянская канфесія ў краіне па колькасці вернікаў. Паводле звестак афіцыйнага партала Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, амаль 1,47 млн грамадзян (прыблізна 15% насельніцтва) — католікі. Сярод іх прыкладна 10 тысяч грэка-католікоў.
Каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй і трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, якія аб'ядноўваюць 486 парафій. У краіне каля 500 каталіцкіх святароў, у тым ліку прыблізна 80 замежных, а таксама прыкладна 450 манахаў і манашак.
Колькасць пратэстантаў розных дэнамінацый у Беларусі ацэньваецца, паводле розных звестак, ад 200 тысяч да 500 тысяч.