Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/04/05/ru_1083354_254101/
Дата раздрукоўкі: 19.04.2021 09:17
05.04.2021 12:09 Палітыка, Грамадства

Новым міністрам інфармацыі прызначаны Уладзімір Пярцоў

Мінск, 5 красавіка. Аляксандр Лукашэнка прызначыў новым міністрам інфармацыі Уладзіміра Пярцова, які раней працаваў дырэктарам прадстаўніцтва МТРК "Мір" у Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал "Пул Першага".

Яго папярэднік Ігар Луцкі, які ўзначальваў Міністэрства інфармацыі менш як год, прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Прызначаючы Луцкага міністрам інфармацыі ў чэрвені 2020 года, Лукашэнка даручыў яму "перафарматаваць працу міністэрства", каб яго "ўбачылі". Луцкі, заступіўшы на новую пасаду, заявіў, што Мінінфарм будзе "карэктаваць дзеянні сродкаў масавай інфармацыі для таго, каб забяспечыць давядзенне выразнай дзяржаўнай палітыкі і абмежаваць насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве".

Менавіта пры Луцкім партал tut.by быў пазбаўлены статусу СМІ. Акрамя таго, на патрабаванне Мінінфарма былі заблакаваныя сайты Naviny.by, nn.by (разблакаваны пасля ліквідацыі парушэнняў), belsat.eu, kyky.org, mediazona.by і іншых медыя.

Падчас працы Луцкага міністрам былі распрацаваныя і прынятыя ў першым чытанні папраўкі ў заканадаўства, якое рэгулюе працу сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасці, пашыраныя падставы для адмовы ў дзяржрэгістрацыі СМІ, вынясення пісьмовага папярэджання і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу. Мінінфарм атрымаў права разам з судом прымаць рашэнні аб спыненні выпуску СМІ і абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу.

Уладзімір Пярцоў нарадзіўся ў 1974 годзе ў Віцебску. Скончыў Віцебскі дзяржуніверсітэт і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. З 1993 года працаваў на тэлебачанні: вёў праграмы ў Віцебскай студыі тэлебачання, пазней — ток-шоу "Будні" на Першым нацыянальным тэлеканале. У 1998 годзе ўзначаліў першую віцебскую FM-радыёстанцыю "Радыё Віцебск". З 2002 года — старшыня і дырэктар Гродзенскай абласной тэлерадыёкампаніі. З 2008-га па 2010 год узначальваў дырэкцыю тэлеканала "РТР-Беларусь" на "Сталічным тэлебачанні".

Анастасія Лосіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239