Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/04/06/eu_1083470_221144/
Дата раздрукоўкі: 19.04.2021 09:44
06.04.2021 11:32 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка прапануе скараціць штат і колькасць беларускіх дыпмісій

Мінск, 6 красавіка. Аляксандр Лукашэнка падчас нарады аб беларускіх замежустановах 6 красавіка прапанаваў аптымізаваць колькасць беларускіх пасольстваў і штат дыпламатычных місій.

"Нам трэба абмеркаваць шэраг актуальных пытанняў дзейнасці Міністэрства замежных спраў з асаблівым акцэнтам на тэму аптымізацыі нашай дыпламатычнай прысутнасці за мяжой", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, на нарадзе плануецца абмеркаваць працу МЗС у цэлым. "Натуральна, свет імкліва мяняецца, нам неабходна адэкватна адаптавацца і слушна распараджацца наяўнымі рэсурсамі па ўсіх напрамках, у тым ліку і рэсурсамі МЗС, — сказаў ён. — Разам са шматлікімі рызыкамі і пагрозамі з`яўляюцца і новыя магчымасці. Ва ўмовах канкурэнцыі пераможа той, хто здолее імі слушна скарыстацца".

Лукашэнка адзначыў, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці ў шэрагу краін не бачныя: "Важна, каб сістэма органаў дыпламатычнай службы ні ў якім разе не ператварылася ў закасцянелую структуру, у якой працуюць тэарэтыкі, адарваныя ад жыцця. У шэрагу краін наш шматгадовы вопыт сведчыць аб тым, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядаюцца. Дык навошта нам захоўваць свае пасольствы, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманне? Да чаго там поўны штат дыпламатаў, якія адказваюць за напрамкі, што пастаўленыя на паўзу, мякка кажучы? У такіх выпадках трэба працаваць на ўмовах узаемнасці, як гэта нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой".

Ён адзначыў, што ў апошнім выпадку ўсе пытанні можна абмяркоўваць на пляцоўках ААН, іншых міжнародных арганізацый у Нью-Ёрку, Жэневе або Вене. "Там ёсць магчымасць гаварыць з усім светам і няма неабходнасці трымаць палітычных дарадцаў у краінах, якія замарозілі з намі кантакты з-за прадузятасці або вядуць супраць нас дэструктыўную дзейнасць", — сказаў Лукашэнка.

На гэты момант інтарэсы Беларусі за мяжой прадстаўляюць 70 замежных устаноў у 58 краінах.

Восенню мінулага года пасля рашэння Еўрасаюза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб афіцыйны Мінск адклікаў паслоў у Вільнюсе і Варшаве "для кансультацый" і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб "прывесці да парытэту" штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.

"Цалкам відавочна тое, што мы даволі доўга і цярпліва адсочвалі ўсе адкрыта несяброўскія целарухі ў дачыненні да нашай краіны з боку Польшчы і Літвы, — заявіў 2 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. — Мы заклікалі да разважлівасці, удумлівай, аб`ектыўнай і глыбокай ацэнкі падзей, якія адбываюцца, да разумення важнасці і лёсавызначальнасці дыялогу з суседзямі, да паважання звацікаўленасцяў грамадзян адзін аднаго, вострай неабходнасці захавання стабільнасці ў рэгіёне".

5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў пра адкліканне пасла ў Беларусі для кансультацый. Услед за ім такую заяву зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау. У гэты ж дзень паслы Літвы Андрус Пулокас і Польшчы Артур Міхальскі пакінулі Беларусь.

У сакавіку 2021 года паміж Мінскам і Варшавай пачаўся новы дыпламатычны канфлікт. 9 сакавіка часовы павераны ў справах Польшчы Марцін Вайцяхоўскі быў выкліканы ў беларускае МЗС, дзе яму быў заяўлены "рашучы пратэст у сувязі з удзелам консула генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце Ежы Цімафеюка ў неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным "дню праклятых жаўнераў", якое прайшло 28 лютага 2021 г. у г. Брэсце з удзелам прадстаўнікоў звязаных з Польшчай няўрадавых і моладзевых арганізацый". Цімафеюку было прапанавана пакінуць краіну на працягу 48 гадзін.

10 сакавіка намеснік міністра замежных спраў Польшчы ў пытаннях бяспекі, амерыканскай, азіяцкай і ўсходняй палітыкі Марцін Пшыдач паведаміў у "Твітэры", што адзін з супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Варшаве абвешчаны персонай нон грата.

"У адказ на варожыя і неабгрунтаваныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да польскага консула ў Брэсце Польшча сёння абвясціла дыпламата з пасольства Беларусі ў Варшаве персонай нон грата. Адпаведная інфармацыя была перададзеная ў дыпламатычнай ноце падчас сустрэчы ў МЗС Польшчы", — напісаў Пшыдач.

Пракурор Брэста 10 сакавіка распачаў крымінальную справу ў сувязі з правядзеннем у абласным цэнтры мерапрыемства, прысвечанага "дню праклятых жаўнераў". Справа распачатая "па факце здзяйснення групай асоб наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай непрыязнасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму згодна з ч. 3 арт. 130 КК", паведаміла прэс-служба Генеральнай пракуратуры. У межах расследавання затрыманы сузаснавальнік "Польскай школы".

11 сакавіка МЗС Беларусі ўручыла Вайцяхоўскаму ноту, у якой кіраўніку і консулу генеральнага консульства Польшчы ў Гродне было прапанавана пакінуць тэрыторыю краіны на працягу 48 гадзін.

Увечары 12 сакавіка Варшава абвясціла аб высылцы двух беларускіх дыпламатаў: консула з пасольства ў сталіцы краіны і кіраўніка генконсульства ў Беластоку.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239