Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/04/06/ru_1083555_123/
Дата раздрукоўкі: 13.04.2021 18:55
06.04.2021 19:53 Эканоміка, Фінансы

МВФ значна пагоршыў прагноз сітуацыі ў эканоміцы Беларусі ў 2021 годзе

Мінск, 6 красавіка. Міжнародны валютны фонд значна пагоршыў прагноз сітуацыі ў эканоміцы Беларусі ў 2021 годзе, вынікае з апублікаванага МВФ 6 красавіка агляду "Перспектывы сусветнай эканомікі" (World Economic Outlook).

Так, згодна з цяперашнім аглядам, МВФ чакае зніжэння сёлета беларускага ВУП на 0,4%. У папярэднім, кастрычніцкім, прагнозе фонд прадказваў рост ВУП Беларусі ў 2021 годзе на 2,2%.

МВФ таксама прыкметна пагоршыў ацэнку сярэднегадавой інфляцыі ў Беларусі. На думку экспертаў фонду, сёлета яна складзе 6,9%. Раней яны прагназавалі рост спажывецкіх цэн у Беларусі на 5,1%.

Паводле ацэнкі МВФ, у 2022 годзе ВУП Беларусі можа вырасці на 0,8%, а інфляцыя — запаволіцца да 5,5%.

Варта зазначыць, што ацэнка МВФ адносна стану беларускай эканомікі выглядае больш аптымістычна, чым у сакавіцкім прагнозе Сусветнага банка, на думку экспертаў якога леташняе зніжэнне ВУП Беларусі (на 0,9%) будзе паглыбляцца ў 2021 годзе да 2,2%.

Аналітыкі мяркуюць, што негатыўны трэнд будзе звязаны з адсутнасцю рэформаў, палітычнай напружанасцю ў краіне і адмоўным уплывам на Беларусь расійскага "падатковага манеўру". Пры гэтым у банку адзначаюць, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі будзе шмат у чым залежаць ад магчымасці краіны прыцягнуць знешняе фінансаванне.

Паводле ацэнак Сусветнага банка, інфляцыя ў Беларусі ў 2021 годзе можа скласці 8,2% супраць 7,4% у 2020-м.

Як паведамлялася, у 2020 годзе беларускі ВУП скараціўся на 0,9%, на 2021 год улады запланавалі рост ВУП на 1,8%. Па выніках студзеня—лютага эканоміка вырасла на 0,8%, што, на думку экспертаў, абумоўлена нізкай базай за аналагічны перыяд мінулага года, калі скарачалася вытворчасць нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў.

Інфляцыя па выніках студзеня—лютага ў Беларусі склала 3,1%, а ў гадавым вымярэнні — 8,7%. Пры гэтым афіцыйны прагноз уладаў на гэты год прадугледжвае, што рост спажывецкіх цэн не перавысіць 5%.

Як стала вядома ў канцы сакавіка, штогадовая пастанова Саўміна аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі на 2021 год выйшла пад грыфам "Для службовага карыстання". Чаму ўрад засакрэціў пастанову, не тлумачыцца.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239