Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/04/07/ru_1083590_587458/
Дата раздрукоўкі: 12.05.2021 15:24
07.04.2021 09:32 Эканоміка, Фінансы

ЗВР Беларусі за першы квартал скараціліся больш як на паўмільярда долараў

Мінск, 7 красавіка. За першы квартал 2021 года золатавалютныя рэзервы Беларусі зменшыліся на 528,5 млн долараў ЗША, або на 7,1%, і на 1 красавіка, паводле папярэдніх звестак, склалі 6 млрд 940 млн долараў супраць 7 млрд 468,5 млн на пачатак года, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

Пры гэтым за сакавік 2021 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 174,5 млн долараў ЗША (на 2,5%) пасля скарачэння ў лютым на 88,9 млн долараў ЗША (на 1,2%).

"Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў паводле вынікаў сакавіка ў асноўным абумоўленае планавым пагашэннем урадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму прыкладна 310 млн долараў ЗША, а таксама змяншэннем кошту манетарнага золата", — паведамляе Нацбанк.

Згодна са звесткамі рэгулятара, падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у сакавіку спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу дзяржаблігацый на ўнутраным рынку, а таксама купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на біржавых таргах.

Нацбанк нагадвае, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год міжнародныя рэзервовыя актывы да канца года павінны скласці не менш за 6 млрд долараў ЗША.

У студзені першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц на пашыраным пасяджэнні праўлення адзначыў, што далейшае зніжэнне рэзерваў у 2021 годзе чакаецца ў сувязі з неабходнасцю выплат па дзяржаўным доўгу 3,3 млрд долараў.

"У існых эканамічных умовах прагназаванае зніжэнне золатавалютных рэзерваў да велічыні, эквівалентнай не менш як двум месяцам імпарту тавараў і паслуг, не нясе празмерных рызык для макраэканамічнай стабільнасці", — запэўніў першы намеснік кіраўніка Нацбанка.

За 2020 год золатавалютныя рэзервы істотна скараціліся — на 1,9 млрд долараў ЗША, або на 20,5% (на пачатак 2020-га склалі 9,4 млрд долараў).

Летась рэзервы істотна зніжаліся двойчы: у сакавіку — на 1.018,4 млн долараў, у жніўні — на 1.399,8 млн. Змяншэнне рэзерваў было абумоўленае ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239