Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/05/03/ru_1086394_365254/
Дата раздрукоўкі: 13.06.2021 14:39
03.05.2021 17:35 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы: У красавіку па палітычна матываваных адміністрацыйных справах асуджаныя не менш за 210 чалавек

Мінск, 3 мая. Не менш за 210 чалавек асуджаныя ў красавіку па адміністрацыйных справах, звязаных з пратэстамі, паведамляюць праваабаронцы.

Ім вядома аб 304 затрыманых.

Аштрафаваныя 68 чалавек увогуле на 3.835 базавых велічынь (111.215 рублёў). Яшчэ 131 чалавек арыштаваны на тэрмін ад 5 да 30 сутак — увогуле суды прызначылі 2.059 сутак арышту. Справы мінімум 20 чалавек накіраваныя на дапрацоўку або спыненыя з-за заканчэння тэрміну даўнасці правапарушэння.

У прыватнасці, 11 чалавек атрымалі адміністрацыйны арышт за ўдзел у запісе відэаролікаў або інтэрв'ю. Былы работнік Беларускага металургічнага завода і член незалежнага прафсаюза Дзмітрый Яфрэмаў быў арыштаваны на 15 сутак за выказванне ў відэароліку, якое кваліфікавалі як удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 24.23 КоАП). Дзевяцярых членаў страйкама ААТ "Нафтан" судзілі за ўдзел у запісе відэароліка ў падтрымку галасавання на платформе "Голас" — іх арыштавалі на тэрмін ад 15 да 20 сутак. Лідара Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрыя Кучука арыштавалі на 15 дзён за выказванне ў інтэрв'ю пра тое, што 26 красавіка ён збіраецца прайсці ад Акадэміі навук да вуліцы Сурганава ў Мінску, і гэта было расцэненае як заклік да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Сярод незвычайных падстаў для затрымання і суда праваабаронцы адзначылі налепку з гербам "Пагоня", за якую мінчанін Уладзімір Умецкі аштрафаваны на 80 базавых велічынь (2.320 рублёў). За чырвона-белыя налепкі на акне ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў, а таксама вывешаныя на балконе белы, чырвоны і белы ручнікі яшчэ адзін жыхар Мінска Дзяніс Музыкін арыштаваны на 13 сутак паводле арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Віцяблянкі Марыя Амасовіч і Лізавета Кірыенка арыштаваныя на 20 і 10 сутак адпаведна за тое, што 26 красавіка запалілі чырвоныя лампадкі на прыступках Уваскрасенскага храма ў Віцебску, што было расцэненае як несанкцыянаванае пікетаванне. 35-гадовы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Юрый Ланкевіч арыштаваны на 15 сутак пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі падышлі да яго на прыпынку грамадскага транспарту і папрасілі паказаць заплечнік, у якім знайшлі лампадку.

Агляд праваабаронцаў падрыхтаваны на аснове інфармацыі, якая паступіла на гарачую лінію, назіранняў за судамі, з тэлеграм-чатаў дапамогі затрыманым і іншых адкрытых крыніц. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што інфармацыя аб ліку затрыманых можа быць няпоўнай.

Анастасія Лосіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239