Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/05/04/eu_1086459_123/
Дата раздрукоўкі: 13.06.2021 15:21
04.05.2021 13:11 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Петэр Стана: У ЕС працягваюць працу над чацвёртым пакетам санкцый у дачыненні да Беларусі

Мінск, 4 мая. У Еўрасаюзе працягваюць працу над чацвёртым пакетам санкцый у дачыненні да Беларусі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана, каментуючы інфармацыю аб тым, што прыняцце рашэння аб санкцыях перанесенае на чэрвень.

Раней пражскі рэдактар "Радыё Свабода" Рыкард Юзвяк напісаў у "Твітэры", што чацвёрты пакет санкцый не будзе гатовы да пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін ЕС, якое запланаванае на 10 мая. Ён выказаў здагадку, што рашэнне можа быць гатовае да чэрвеньскай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС.

"Праца над санкцыямі ідзе без прывязкі да канкрэтнай даты іх ухвалення, — адзначыў Стана. — Пра санкцыі будзе абвешчана пасля таго, як завершацца ўсе абмеркаванні паміж членамі ЕС і будуць скончаны ўсе неабходныя працэдуры".

Што да пасяджэння 10 мая, то ў яго парадку дня ёсць пункт "Беларусь. Абмен думкамі".

"На гэты момант парадак дня пасяджэння ўсё яшчэ дапрацоўваецца і будзе абвешчаны ў пятніцу", — растлумачыў Стана.

Першы пакет санкцый Еўрасаюз увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы туды 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і да гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый ЕС быў прыняты 6 лістапада. У яго былі ўключаныя Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын (на той момант памочнік па нацыянальнай бяспецы) Віктар Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня КДБ Іван Церцель, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, на той час старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў (раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка СК), кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, камандзір групы "Альфа" (спецназ) Сяргей Зубкоў, былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

17 снежня быў прыняты трэці пакет санкцый, які ўключыў 29 фізічных і 7 юрыдычных асоб. У санкцыйным спісе значацца ЗАТ "Белтэхэкспарт", "Дана Холдынгз/Дана Астра", ДУ "Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне" Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, ТАА "Сінезіс", ААТ "АГАТ — электрамеханічны завод", ААТ "140 рамонтны завод" і ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў".

Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да віцэ-прэм`ера Анатоля Сівака, кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, памочніка прэзідэнта па Гродзенскай вобласці (былога міністра аховы здароўя) Уладзіміра Караніка, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, міністра інфармацыі Ігара Луцкага (цяпер намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта) і яго былога намесніка Паўла Лёгкага, генеральнага пракурора Андрэя Шведа, намесніка кіраўніка справамі прэзідэнта Генадзя Богдана, бізнесменаў Аляксандра Шакуціна і Мікалая Вараб`я.

У спісе таксама значацца: першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Ігар Бурмістраў, старшы інспектар дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Арцём Дунько, начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Дзмітрый Кур`ян, старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, намеснік начальніка аддзела па масавых мерапрыемствах ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Шумілін, намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Гродна Віталь Стасюкевіч, начальнік Савецкага РУУС Мінска Сяргей Каліннік і яго намеснік Віктар Станіслаўчык, начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара.

У санкцыйны спіс уключаныя суддзі Аляксандр Петраш, Вікторыя Шабуня, Алена Жывіца, Андрэй Лагуновіч, Алена Някрасава, Марына Фёдарава, Алена Літвіна, Юлія Густыр, Наталля Дзядкова.

Такім чынам, у санкцыйны спіс ЕС у гэтым годзе ўключаныя 84 беларускія грамадзяніны. Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕС і замарожванне актываў гэтых асоб. "Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена даваць сродкі асобам, уключаным у спіс", — паведамляла прэс-служба Савета ЕС.

Варта зазначыць, што з 2006 года санкцыі ЕС дзейнічаюць у дачыненні да Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі. На думку ЕС, яны маюць дачыненне да знікненняў апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239