Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/05/08/eu_1086885_1086886/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2021 22:45
08.05.2021 13:43 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Еўрасаюз заклікае ЮНЕСКА адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі

Мінск, 8 мая. Еўрапейскі саюз заклікае ЮНЕСКА адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай выказвання думак і свабодай прэсы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, гаворыцца ў заяве дэлегацыі ЕС у ЮНЕСКА.

"Мы настойліва заклікаем ЮНЕСКА як агенцтва ААН з асаблівым мандатам абараняць свабоду выказвання думак і свабоду друку, адрэагаваць на далейшае пагаршэнне сітуацыі ў галіне права на свабоду выказвання думак і свабоды друку, асабліва ў дачыненні да журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ўсіх асоб, якія жадаюць свабодна выказваць сваё меркаванне, у Беларусі пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года", — падкрэсліваецца ў заяве.

У ёй адзначаецца, што беларускія ўлады працягваюць агрэсіўны пераслед беларускіх і замежных журналістаў і работнікаў СМІ, якія рэгулярна запалохваюцца і адвольна затрымліваюцца.

"Мы таксама асуджаем адмову ў праве на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне і свабоду мірных сходаў як у сетцы, так і па-за ёй, сістэматычнае і вартае шкадавання абмежаванне доступу да інфармацыі, адключэнне інтэрнэту і ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў для незалежных СМІ з боку беларускіх уладаў", — гаворыцца ў заяве.

ЕС заклікае ўлады Беларусі спыніць парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду СМІ, і выконваць вяршэнства закона, а таксама заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх журналістаў і работнікаў СМІ, якія ўтрымліваюцца пад вартай або адбываюць турэмнае зняволенне проста за выкананне сваёй працы і рэалізацыю сваіх правоў.

ЕС працягвае падтрымліваць "законны заклік беларускага народа паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, уключаючы свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, інфармацыю, свабоду сходаў і асацыяцый, а таксама свабоду сродкаў масавай інфармацыі, і вітае тых, хто працягвае адстойваць свае правы".

Адзначаецца, што ў нядаўнім лісце генеральнаму дырэктару ЮНЕСКА Адры Азулай Еўрапейскі саюз падкрэсліў, што арганізацыя павінна адыгрываць сваю важную ролю ў абароне журналістаў ва ўсім свеце.

"У адпаведнасці з нядаўнім пасланнем генеральнага дырэктара з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы (3 мая) мы заклікаем ЮНЕСКА гучна і выразна выказвацца па гэтым пытанні, публічна пацвярджаючы сваю абсалютную падтрымку свабоды выказвання думак і абароны журналістаў у Беларусі", — падкрэсліваецца ў заяве ЕС.

ЮНЕСКА (Тhe United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization) — арганізацыя пры ААН, якая адказвае за міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі і навукі. Створаная ў 1945 годзе, штаб-кватэра размяшчаецца ў Парыжы. Налічвае 193 дзяржавы-члены, дзве дзяржавы-назіральніцы і дзесяць асацыяваных членаў.

Мэты — садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі за кошт пашырэння супрацоўніцтва дзяржаў і народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры; забеспячэнне справядлівасці і захавання законнасці, усеагульнай павагі правоў і асноўных свабод чалавека, абвешчаных у Статуце ААН, для ўсіх народаў, без адрознення расы, полу, мовы, арыентацыі або рэлігіі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239