Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/03/eu_1090063_1090064/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2021 22:17
03.06.2021 12:49 Эканоміка, Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Еўракамісія запатрабавала забяспечыць максімальную бяспеку эксплуатацыі БелАЭС

Мінск, 3 чэрвеня. Еўрапейская камісія выступіла са спецыяльнай заявай у сувязі з выдачай ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі.

Як паведамлялася, Міністэрства надзвычайных сітуацый 2 чэрвеня выдала ліцэнзію на прамысловую эксплуатацыю першага блока БелАЭС.

"Бяспека атамных электрастанцый — гэта тэма, якую вельмі ўважліва адсочвае Еўрапейская камісія, дзяржавы-члены і грамадскасць ЕС. Сітуацыя ў Астраўцы выклікала павышаную занепакоенасць у ЕС", — гаворыцца ў заяве камісара ЕС па пытаннях энергетыкі Кадры Сімсан.

Яна выказала шкадаванне ў сувязі з тым, што Беларусь вырашыла пачаць прамысловую эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі, "не выканаўшы ўсе рэкамендацыі па бяспецы, якія ўтрымліваюцца ў справаздачы па выніках стрэс-тэстаў ЕС ад 2018 года".

Еўракамісія, працягнула Сімсан, неаднаразова заяўляла аб тым, што "ўсе рэкамендацыі партнёрскай ацэнкі павінны быць выкананы Беларуссю без прамаруджання".

"Камісія зноў заяўляе, што хоць рашэнне аб выдачы ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю станцыі ў Астраўцы знаходзіцца ў кампетэнцыі нацыянальных уладаў і павінна прымацца пад наглядам нацыянальнага рэгулюючага органа, неабходна забяспечыць максімальную бяспеку эксплуатацыі станцыі. Гэта яшчэ больш важна, улічваючы блізкасць АЭС да мяжы ЕС і сталіцы Літвы", — падкрэсліваецца ў заяве еўракамісара.

У сувязі з гэтым Сімсан нагадала, што важна "як мага больш аператыўна і поўна выканаць усе рэкамендацый партнёрскай праверкі, у тым ліку па пытаннях, не вырашаных на першым этапе".

"Еўрапейская камісія настойвае на тым, каб Беларусь працягвала выконваць абавязацельствы ў сферы ядзернай бяспекі АЭС у Астраўцы ва ўмовах поўнай празрыстасці, у тым ліку праз завяршэнне партнёрскай праверкі экспертамі Еўрапейскай групы рэгулятараў ядзернай бяспекі (ENSREG)", — гаворыцца ў заяве.

Раней міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў аб магчымым прыпыненні ўзаемадзеяння Беларусі з ЕС у барацьбе з нелегальнай міграцыяй, арганізаванай злачыннасцю, забеспячэнні ядзернай бяспекі.

"Мы вымушаныя і будзем жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя захады ў наш адрас. Мы разглядаем магчымасць прыпынення ўзаемадзеяння з ЕС па пытаннях барацьбы з нелегальнай міграцыяй, аргзлачыннасцю, забеспячэння ядзернай бяспекі", — сказаў Макей 26 мая на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае Інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам" (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія "АСЭ").

Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. 30 красавіка гэтага года адбыліся грамадскія слуханні перад выдачай ліцэнзіі МНС на прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС. Раней заяўлялася, што блок плануецца ўвесці вясной, аднак пазней тэрміны былі ссунутыя на лета.

19 красавіка на станцыю даставілі ядзернае паліва для пачатковай загрузкі рэактара другога энергаблока АЭС. Увесці другі блок у эксплуатацыю ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 447 ад 30 лістапада 2020 года павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка нядаўна заявіў, што ўвесці другі блок у прамысловую эксплуатацыю плануецца ў ліпені наступнага года.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239