Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/10/by_media_posol_rf/
Дата раздрукоўкі: 17.06.2021 10:32
10.06.2021 14:44 Фота

Пасол РФ: Грамадзянам Расіі Сапеге і Дуднікаву выстаўляюцца абвінавачанні згодна з артыкуламі Крымінальнага кодэкса Беларусі, мы прымаем гэта за наяўнасць

    Паглядзець Паглядзець

Консул пасольства Расіі мае доступ да затрыманых у Беларусі расійскіх грамадзян Сафіі Сапегі і Ягора Дуднікава, паведаміў пасол РФ Яўген Лук'янаў 10 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Гаворачы пра сітуацыю з Сапегай, ён адзначыў: "Консульскі доступ да Сапегі быў дадзены. Учора адбылася чарговая сустрэча нашага консула з Сафіяй Сапегай. Якіх-небудзь скаргаў на стан здароўя або ўмовы ўтрымання яна не паведаміла. Аналагічную інфармацыю нам пацвярджаюць і адвакаты, якія таксама маюць сустрэчы з ёй. З ёй працуюць тры беларускія адвакаты. Следства вядзе галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі. Утрымліваецца яна ў СІЗА КДБ".

Консульскі доступ да Дуднікава расійскія дыпламаты таксама атрымалі. "У абодвух выпадках мы атрымалі дазвол на шматразовыя наведванні, — сказаў Лук'янаў. — Следчыя дзеянні працягваюцца. Як пасольства мы абавязаныя забяспечыць консульскую дапамогу нашым грамадзянам. У той жа час і Сапега, і Дуднікаў — уладальнікі агульнаграмадзянскіх расійскіх пашпартоў і ніякімі імунітэтамі і выключэннямі з прававога поля Беларусі не валодаюць. Ім выстаўляюцца абвінавачанні згодна з пэўнымі артыкуламі КК Беларусі. У гэтым кантэксце мы прымаем гэта за наяўнасць".

Тым не менш Лук'янаў адзначыў, што размовы пра лёс Сапегі і Дуднікава "вядуцца на высокім узроўні".

Сафія Сапега была затрыманая 23 мая разам з журналістам і актывістам Раманам Пратасевічам пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс. Ягора Дуднікава затрымалі 4 мая ў Мінску, яго абвінавачваюць на падставе арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў).

Фота Андрэя Шаўлюгі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239