Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2021/06/10/by_media_posol_rf_vid/
Дата раздрукоўкі: 17.06.2021 11:39
10.06.2021 19:52 Відэа, Грамадства

Пасол Лук'янаў: Расія не кіне Беларусь у выпадку ўвядзення новых санкцый ЕС

"Што мы зробім, калі на вас "наедуць"? Беларусь мы не кінем, — сказаў пасол Расіі ў Беларусі Яўген Лук'янаў. — Мы разумеем традыцыйную структуру эканомікі Беларусі, якая арыентаваная на экспарт. Я разумею, што менавіта таму гэтыя санкцыі носяць менавіта такі кропкавы характар, каб падарваць экспартную актыўнасць Беларусі і тым самым ударыць па фарміраванні бюджэту".

Канкрэтныя віды прадукцыі, адзначыў Лук'янаў, будуць вызначацца адпаведнымі федэральнымі ведамствамі Расіі і іх партнёрамі ў Беларусі. "Але яны, натуральна, будуць інвентарызаваныя з улікам тых наступстваў, якія будуць адчувацца па выніках прымянення гэтых санкцый", — удакладніў пасол.

"Нядаўна была сустрэча вашага міністра замежных спраў Макея з пасламі, акрэдытаванымі ў Мінску, — дадаў Лук'янаў. — Там таксама быў раздзел у яго ўступным каментары, дзе ён сказаў вельмі адкрытую фразу. Ён сказаў, што санкцыі ўводзяцца для таго, каб яны прывялі да галодных бунтаў. Тут, уласна, уся ідэалогія, уся логіка гэтых санкцый. Варта, праўда, абавязкова сказаць, што яны незаконныя. Паводле міжнароднага права і міжнароднай практыкі, санкцыі такога кшталту супраць якой-небудзь краіны могуць быць выкарыстаныя толькі па рашэнні Савета бяспекі ААН".

На просьбу БелаПАН удакладніць, ці дазволіць Расія Савету бяспекі ААН увесці санкцыі ў дачыненні да Беларусі з-за парушэння ў краіне правоў чалавека, дыпламат адказаў: "Не, вядома".

На згадку пра тое, што ў Беларусі больш за 470 чалавек прызнаныя палітвязнямі, Лук'янаў заявіў: "Пытанне да расійскага пасла наконт палітвязняў, як вы кажаце, у Беларусі — гэта ўнутраная справа суверэннай краіны. Я не маю права ўмешвацца ў гэтыя пытанні. Паводле Венскай канвенцыі гэта ўмяшанне ва ўнутраныя справы".

Паводле яго слоў, умяшанне ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў "не наша практыка і не наша палітыка".

На пытанне, ці няма боязі ў яго самога і кіраўніцтва Расіі, што падтрымка Аляксандра Лукашэнкі паменшыла прарасійскія настроі беларусаў, што фіксавалі сацапытанні, Лук'янаў адказаў: "Апытанні і вынікі гэтых апытанняў мне вядомыя. Я магу зыходзіць з таго, што калі гэтыя апытанні аб'ектыўныя, то тады настроі пэўнай часткі насельніцтва Беларусі змяніліся. Значыць, хтосьці расчараваўся. Той, хто сімпатызаваў Расіі, той, напэўна, працягвае сімпатызаваць. Расія не дзяўчына, каб яна ўсім падабалася. Любіць нас не трэба. Мы ніколі не прапаноўвалі такі фармат адносін. Трэба глядзець на справы, на мэты, на наступствы пэўных дзеянняў".

Пасол таксама заявіў: "Калі вы лічыце, што тое, што адбывалася ў вашай краіне пасля выбараў, гэта падзеі, якія павінны былі прывесці да паляпшэння вашага жыцця, то гэта ваш пункт гледжання. А я лічу, што тое, што тут пачалі разгойдваць вашу дзяржаўнасць, вам рыхтавалі звычайны лёс краіны, дзе перамагла "каляровая рэвалюцыя".

Відэа Андрэя Шаўлюгі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239